Вялікі тэатр Беларусі завяршае сезон і рыхтуе прэзентацыю новага спектакля

2 июня 2016

Балет "Каханне і смерць", музыку да якога напісаў былы міністр культуры Азербайджана, а цяпер Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол у Расіі, спявак, кампазітар, акцёр, прафесар і палітычны дзеяч Палад Бюль-Бюль аглы. Дзейства абяцае быць насычаным усходнім каларытам.

Падрыхтоўку да прэм'ернага спектакля ўбачыла Іна Пілевіч.

Браць шлюб не ў белым, а чырвоным. Прычым у вогненных адценнях як жаніх, так і нявеста. Вяселле на пуантах у традыцыях Усходу рыхтуе Вялікі тэатр Беларусі. Дзве сотні касцюмаў упрыгожваюцца вышыўкай і камянямі для балета на аснове цюркскага эпасу, напісанага яшчэ 13 стагоддзяў таму.

Менавіта вакол шлюбнай цырымоніі маладых Азера і Байджан і завязваецца балетны сюжэт. У дзень вяселля пару разлучае вайна, ім наканавана сустрэцца ў палоне, дзе аднаму з закаханых прыйдзецца ахвяраваць сабой. Гэтую гісторыю на музыку паклаў народны артыст Азербайджана Палад Бюль-Бюль аглы. Яго балет «Каханне і смерць» ужо бачылі Баку, Масква, Анкара. Беларусам жа кампазітар дазволіў эксперыментаваць - міксаваць класіку і мадэрн.

Пакуль рэпеціруюць у харэаграфічных класах, а з наступнага тыдня пяройдуць на вялікую сцэну. Тады ж пачнецца ўсталяванне дэкарацый. Багаты на батальныя сцэны спектакль будзе разгортвацца і сярод горнага ландшафту, і сярод ляснога масіву, і традыцыйнага сярэдневяковага ўсходняга жылля.

Некалькі нумароў прэм'ернага балета ў прамым сэнсе ўдарныя, бо ў іх задзейнічаная выключна гэтая група музычных інструментаў. Дарэчы, гучанне нацыянальных азербайджанскіх ударных заменяць бонгі і там-тамы.

«Каханне і смерць» адкрые фестываль «Балетнае лета ў Вялікім» і закрые тэатральны сезон. У панядзелак у Мінск прыедзе Палад Бюль-Бюль аглы. Кампазітар хоча сам ацаніць, як беларусы прачыталі яго азербайджанскую партытуру.