Гарманічнае злучэнне на адной сцэне. Вялікі тэатр Беларусі ў суботу дае знакамітую оперу Чайкоўскага "Яўген Анегін" з запрошанымі зоркамі. У іх ліку Міхаіл Малафій з Украіны і Аркадзь Берын з Германіі. Пра творчы абмен - рэпартаж Ларысы Гулякевіч.
Генеральны прагон оперы Чайкоўскага «Яўген Анегін». Выканаўцы і аркестр шукаюць гарманічнага спалучэння. Тым больш што запрошаныя зоркі на адной сцэне ўпершыню.
Вялікі тэатр Беларусі запрашае ў суботу на рамантычную драму Чайкоўскага «Яўген Анегін». Галоўную партыю выконвае Міхаіл Малафій з Украіны, за дырыжорскім пультам - маэстра Аркадзь Берын з Германіі.
Украінскага тэнара Міхаіла Малафія Вялікі тэатр Беларусі запрашае трэці раз. Год таму ён атрымаў першую прэмію на Мінскім міжнародным конкурсе вакалістаў. Плюс прыз сімпатый гледачоў. Тут ён праспяваў партыю Рычарда ў «Балі-маскарадзе» Джузэпэ Вердзі, а ў лістападзе выканае Альфрэда ў «Травіяце». Дарэчы, яго Віялетай будзе Надзея Паўлава, якая на тым жа вакальным конкурсе ў мінулым снежні ўзяла Гран-пры. Беларускія калегі па сцэне заўважылі, што нават на рэпетыцыях Міхаіл спявае ў поўны голас.
Яшчэ адна зорка, але ўжо сусветнага маштабу - маэстра Аркадзь Берын - за дырыжорскім пультам оперы Чайкоўскага. Родам з Гомеля, зараз ён працуе з інтэрнацыянальнымі аркестрамі Германіі, Расіі і іншых краін свету. Сярод оперных артыстаў такія імёны, як Хасэ Карэрас, Раберта Аланья, Кацярына Шчарбачэнка, але на беларускай опернай сцэне гэта таксама дэбют.
Запрашаць салістаў і дырыжораў на разавае выступленне ў розныя тэатры - практыка міжнародная і нават прэстыжная. Гэта выклікае цікавасць да тэатра і пастановак. Можна сказаць, што запрашэннямі вымяраецца запатрабаванасць таленавітага артыста.













