Вялікі тэатр Беларусі прапануе балет па творах Шэкспіра

1 декабря 2016

Паэзія Шэкспіра на мове танца. Вялікі тэатр Беларусі прапануе балет паводле твораў класіка сусветнай літаратуры. Эпоху сярэднявечча стылізавалі музыкай XX стагоддзя, паколькі з дакладнасцю аднавіць музыку XVI стагоддзі сёння  немагчыма -  недастаткова музычных інструментаў. Рэпартаж Алены Борматавай  з перадпрэм’ернага паказу.

Акадэмічны танец у абрамленні фантазійнай музыкі, якая была на піку папулярнасці напачатку мінулага стагоддзя. Творы двух брытанскіх кампазітараў Пітэра Уорлака і Ральфа Воана-Уільямса – стылізацыя на манер позняга сярэдневякоўя. Менавіта музыка стала ідэяй для пастаноўкі. А потым нарадзіўся балет. 

Аляксандра Ціхамірава, пастаноўшчык, харэограф, сцэнограф балета "Санеты":

"Любому пастаноўшчыку хочацца, каб яго зразумелі. І я вельмі спадзяюся, што мы будзем зразумелыя, зможам абудзіць нейкія тонкія струны душы ў гледача. Магчыма, я вельмі гэтага хацела б, у кагосьці з гледачоў з'явіцца жаданне перачытаць санеты. Гэта ўжо будзе перамога".

Музыка гэтых кампазітараў ніколі не гучала са сцэны Вялікага тэатра Беларусі. Ды і кампазіцый такога стылю не было. Больш за тое, спектакляў з серыі «Шэкспірыяны» паводле санетаў ні адзін музычны тэатр свету не ставіў.

Шэкспір напісаў 154 санеты. Увесь цыкл быў падзелены на асобныя тэматычныя групы. Балет пачынае 25  верш – ён значыцца ў раздзеле "Усхваленне сябра". Завяршае  27-ы - «Выпрабаванне сяброўства». Яны і прагучаць са сцэны балетнага спектакля. Такі сінтэз паэтычнага, харэаграфічнага і музычнага мастацтва.

"Санеты" - камерны і бессюжэтны спектакль, але з даволі моцнай сцэнарнай структурай. Ён складаецца з асобных нумароў на адну тэму і з агульнымі героямі. Іх – 5: паэт, сам Шэкспір, і яго чатыры музы – Каханне, Мара, Белы і Чорны Анёлы.

Стылізаваная музыка, стылізаваныя касцюмы, дзе ледзь-ледзь улоўліваецца эпоха Шэкспіра. Мінімум дэкарацый і бутафорыі. І ад сімфанічнага аркестра – 1/3 частка. Выключна струнная група.

Хронаметраж "Санетаў" усяго хвілін 20. Таму на сцэне Вялікага тэатра іх будуць даваць у складзе харэаграфічнага трыпціха разам з іншымі аднаактовымі балетамі.