Вялікі тэатр Беларусі адпраўляецца на гастролі па гарадах Германіі і Аўстрыі

4 декабря 2017

Брэнд Вялікага тэатра Беларусі на афішах Старога Свету. Сёмы раз наша трупа адпраўляецца на гастролі па гарадах Германіі і Аўстрыі. Вязуць два класічныя балеты - "Лебядзінае возера" і "Шчаўкунчык".

Больш падрабязна - Алена Борматава.

Класіка балетнага мастацтва. Самы папулярны спектакль – “Лебядзінае возера”. Пастаноўка - лідар продажу білетаў. Ніводны замежны імпрэсарыа не стане займацца арганізацыяй гастроляў, калі балетная трупа не вязе “Лебядзінае возера”. Гэтым балетам Вялікі тэатр Беларусі 19 снежня адкрые гастролі ў нямецкім Разенхайме.

Білеты на спектаклі нашага тэатра паступілі ў продаж амаль год таму. Сёння выкуплены ўсе. І гэта пры тым, што многія пляцоўкі з глядзельнай залай ад трох да пяці тысяч чалавек. Для параўнання, наш Вялікі ўмяшчае амаль тысяча дзвесце крэслаў. Аднак, наша сцэна часта большая за еўрапейскія. І самая вялікая складанасць на гастролях – імгненна адаптавацца да чужой пляцоўкі.

Многія з нямецкіх і аўстрыйскіх прыхільнікаў беларускага балета падарожнічаюць разам з нашай трупай і глядзяць спектаклі ледзь не ў кожным горадзе. “Шчаўкунчыка” і “Лебядзінае” ў беларускай версіі бачаць разоў па 20. Класічная пастаноўка і дэманстрацыя тэхнічна-прафесійных магчымасцяў артыстаў сёння вельмі запатрабаваныя ў Еўропе.

На гастролі Вялікі тэатр Беларусі едзе са сваім аркестрам, касцюмамі і дэкарацыямі. Спецыяльна для класічных пастановак ствараюць гастрольныя версіі дэкарацый. А касцюмы ўвогуле шыюць адразу ў некалькіх камплектах. Больш за тое, свайго, беларускага, гледача не пакіне без класічных спектакляў. У Мінску застаецца палова трупы, а ў рэпертуарную афішу ўведзены дадатковыя спектаклі “Шчаўкунчыка”.

Не пакінуць беларусаў і без “Лебядзінага возера”. Заўсёды на спектаклі ўводзяць не адзін састаў артыстаў. Ды і штат сімфанічнага аркестра 170 чалавек дазваляе раздзяляць музыкантаў. Зараз як раз праходзяць гастролі сімфанічнага аркестра па гарадах Аўстрыі, Германіі і Швейцарыі. Пасля завяршэння вялікага балетнага тура па Еўропе тэатр павязе «Вітаўта» ў Вільнюс, а затым зноў з балетам «Лебядзінае возера» адправіцца на гастролі ў Мексіку.