Вялікі тэатр Беларусі адкрывае серыю ўрачыстасцяў да 85-годдзя

24 мая 2018

Сёння Вялікі тэатр Беларусі адкрывае серыю ўрачыстасцяў да 85-годдзя галоўнай акадэмічнай сцэны краіны. На святочным гала-канцэрце выступяць зоркі сусветнай оперы і балета Ніна Ананіяшвілі, Ілзэ Ліепа, Тэймураз Гугушвілі. Беларуская трупа шырока вядомая і па-за межамі краіны - тэатр пакарыў пляцоўкі Германіі, Аўстрыі, Францыі, Іспаніі, а некалькі месяцаў таму завяршыўся трыумфальны мексіканскі тур.

Уладзімір Грыдзюшка, гендырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: "Вялікі тэатр Беларусі сёння - гэта вельмі яркія асобы ў творчым плане, гэта прафесіяналы найвышэйшага ўзроўню, гэта найпрыгажэйшая армія закулісся, гэта людзі нябачнага фронту, але яны таксама робяць шмат, без чаго немагчыма існаванне тэатра і яго рэпертуара".

На сцэне Вялікага за апошнія дзесяць гадоў прайшло амаль паўсотні прэм'ер! Паводле статыстыкі, штогод тэатр наведваюць каля трохсот тысяч чалавек. Заўтра на тэлеканале "Беларусь 3" пройдзе сапраўдны тэлемарафон, прысвечаны юбілею.