Нацыянальны балет Вітаўт 5 верасня адкрые новы тэатральны сезон. Стваральнікі праекта - яго аўтар, кампазітар і пастаноўшчык - уклалі ў твор тры гады свайго жыцця. І зараз слова за выканаўцамі. Чым бліжэй прэм'ера, тым больш патрабаванняў ад іх…
Ці ўсё гатова да адкрыцця сезона, убачыла Наталля Бардзілоўская.
Пакуль калегі з оперы карыстаюцца заслужаным летнім адпачынкам, балетныя тэрмінова адкліканы з водпуску. Тэмпература рэпетыцыйнай
залы не меншая чым за акном. Пастаноўшчык Юрый Траян - на высокіх тонах. Чым бліжэй прэм'ера - тым больш патрабаванняў да выканаўцаў.
У пастаноўцы задзейнічана ўся трупа. На партыі галоўных герояў
прэтэндуюць тры склады салістаў. У кожнага Вітаўта і Ягайлы - па сваёй Ядвізе і Ганне.
Сам балет будзе пра асабістае жыццё знакамітых братоў. Акцэнт не на іх грамадскім служэнні і гістарычных баталіях. Аўтары даследуюць юнацкія гады, калі фарміраваліся асобы дзяржаўных мужоў і нараджалася іх саперніцтва.
Дзеля ролі Ягайлы з Пецярбурга ў Мінск прыехаў Юрый Кавалёў.
Два гады па запрашэнні беларускі саліст адпрацаваў у балеце Барыса Эйфмана. Меў вядучыя партыі, аб'ехаў шмат краін, але вырашыў вярнуцца на Радзіму.
Юрый Кавалёў, саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, выканаўца партыі Ягайлы: Гэтае рашэнне я прымаў узважана. За мяжой адчуў, якія плюсы ў нашага тэатра. Самае галоўнае, што наш мінскі глядач вельмі любіць тэатр і ўвесь час аншлагі. Вялікі плюс - у Беларусі ёсць свая балетная школа і ў нас дружны калектыў.
Спектакль Вітаўт стане першым прафесійным праектам і для выпускніцы харэаграфічнага каледжа Яны Штангей. Яшчэ нядаўна ўся Беларусь балела за ўдзельніцу Танцавальнага Еўрабачання. Праз месяц дэбют на вялікай тэатральнай сцэне.
Балет Вітаўт будзе апрануты дорага - у натуральныя крэпдэшын і шоўк плюс футра і багатая фурнітура. Вось касцюм Ягайлы. Намітка Ганны.
Але ў першым акце гледачы на акцёрах убачаць зусім не шмат адзення. Інтрыгу падтрымаюць уманціраваныя ў вяночкі святлодыёды.
Усе 170 касцюмаў для Вітаўта падрыхтаваны. Але майстрыхі пашывачнага цэха не адпачываюць. Ідзе праца над уборамі Сямі прыгажунь - у лістападзе балет Кара Караева і таксама прэм'ера!