Вялікі тэатр Беларусі рыхтуе прэм'еру "Багемы" Джакама Пучыні

19 марта 2018

Адна з самых касавых опер, якая найчасцей выконваецца, зноў у Мінску. Вялікі тэатр Беларусі рыхтуе прэм'еру "Багемы" кампазітара Джакама Пучыні. Для нашай трупы гэта ўжо трэцяя рэдакцыя. Ставіць новую версію класікі запрошаны ўладальнік чатырох "Залатых масак" Аляксандр Ціцель. Народны артыст Расіі прыбыў у беларускую сталіцу і практычна штодня праводзіць рэпетыцыі. Іна Пілевіч падрабязна.

У італьянскай оперы будуць спяваць Шагал і Суцін. Вядомым мастакам з беларускімі каранямі ўпершыню давяраюць вакальныя партыі. Нашы землякі разам з Далі, Ван Гогам, Мадэльяні - героі новай версіі оперы "Багема". Вялікі тэатр пераносіць дзеянне шэдэўра Джакама Пучыні са стагоддзя XIX у XX.

"Багему" на мінскай сцэне збірае ўладальнік адразу 4 "Залатых масак" Аляксандр Ціцель. Для народнага артыста Расіі гэта першая прэм'ера ў Беларусі.

Рэпеціруе хоць і на вялікай сцэне, але пакуль у афармленні іншага спектакля. Праца над дэкарацыямі ўжо вядзецца ў тэатральных цэхах. Афармленне будзе мінімалістычным - такі Парыж у стылі мадэрн.

Рэжысёры-пастаноўшчыкі "Багемы" адмовіліся ад грувасткіх дэкарацый. Галоўным упрыгажэннем сцэны стане экранная тканіна, на якую і будзе праецыравацца тэматычная карцінка.

Французскай эліце - багемныя ўборы. 130 касцюмаў распісваюць уручную. Самыя неардынарныя дастануцца хору. У многіх літаральна зашыфраваныя творы персанажаў. Выканаўцам у прамым сэнсе прыйдзецца несці на галаве вядомыя нацюрморты і пейзажы.

Аснова сюжэта застанецца нязменнай. Небагатыя людзі мастацтва імкнуцца да грошай і славы. Першы паказ оперы працягласцю 2 гадзіны 20 хвілін прызначаны на 25 красавіка. Спецыяльна для падрыхтоўкі "Багемы" за тыдзень да прэм'еры дзверы Вялікага будуць закрытыя для публікі.