Вялікая прэм'ера ад Белдзяржфілармоніі

30 мая 2016

Трохактовая опера Моцарта, якая яшчэ не гучала ў нашай краіне, - "Ідаменей, цар Крыта". Канцэрт прысвечаны 260-годдзю з дня нараджэння маэстра. Сама опера таксама святкуе сёлета 235-гадовы юбілей.

Падрабязней - Вольга Мядзведзь. Першая моцартаўская драма. "Ідаменей, цар Крыта" была створаная маэстра ва ўзросце 25 гадоў. Па заказе багатага Мюнхенскага дому менш як за паўгода кампазітар напісаў твор, які стаў яго любімым стварэннем. Пры жыцці Моцарт заспеў усяго некалькі ўвасобленых версій, якія Еўропа сустракала з захапленнем. Зараз і на беларускай сцэне аўстрыйская опера.

"Падарожжы генія" - ужо трэці канцэрт з цыклу "Мюнхен". Гэтым разам паўсотні музыкантаў і хор выканалі ўрыўкі моцартаўскага шэдэўра. Шэсць салістаў Нацыянальнай оперы Беларусі сталі героямі твора, напісанага паводле антычных паданняў. У выкананні сапрана, тэнараў і басу лібрэта Джамбатысты Варэску на міфалагічную тэматыку.

Сам маэстра Моцарт у свой час дбайна апекаваў стварэнне лібрэта. Прымушаў перапісваць тэкст некалькі разоў, дамагаючыся дынамічнасці ў сцэнах. А потым і зусім закрэсліў некаторыя з іх. У зале філармоніі опера гучыць на мове арыгінала. А пераклад для разумення сюжэту напісаны ў брашурцы з праграмкай.

Італьянская Opera sеria і французская лірычная трагедыя ў адной аўстрыйскай оперы. Праца дырыжора з вакалістамі пачалася за некалькі месяцаў да прэм'еры канцэрта. Усе ўдзельнікі з розных калектываў, таму сабрацца на рэпетыцыю апынулася не так ужо проста. Апошнія некалькі тыдняў да іх далучыўся аркестр. Прыходзілася збіраць нават начамі.