Больш за 50 работ Надзі Хадасевіч-Лежэ экспануюць у Нацыянальным мастацкім

23 октября 2019

Сёння ў Нацыянальным мастацкім - зліццё супрэматызму, кубізму і пурызму ў фармаце карцін Надзі Хадасевіч-Лежэ. 

Міжнародны выставачны праект да 115-годдзя з дня нараджэння мастачкі адкрылі сёння ў музеі. Больш за пяць дзясяткаў арыгінальных палотнаў і керамікі  не толькі з  дароў Нацыянальнаму мастацкаму, але і трох прыватных калекцый Францыі. Экскурс у экспазіцыю лэдзі Надзі, для якой не існавала жалезнай заслоны, ад нашага карэспандэнта Лідзіі Заблоцкай.

Сёння яе назвалі б выдатным піяршчыкам і дыпламатам у сферы мастацтва.
Для жалезнай сялянкі з вёсачкі пад Докшыцамі не існавала жалезнай заслоны падчас Саветаў. Нават пераехаўшы па ідэі ў Парыж у 20-х гадах, Надзя заставалася камуністкай і з трапятаннем ставілася да СССР. Таму перадала ў Нацыянальны мастацкі  кераміку сябра Пікаса коштам  тысячы еўра. А яшчэ адправіла чатыры сотні факсімільных рэпрадукцый сусветнага жывапісу. Марыла адкрыць у Віцебску  Музей музеяў. Гэтыя дары сёння - у сховішчы Нацыянальнага мастацкага.  

Нікаля Ценье, унук мастачкі Надзі Хадасевіч-Лежэ: "Надзя часта расказвала  пра Беларусь, гаварыла, што любіць  і шануе сваю родную краіну. Асабіста мне падабаецца тое, як яна праз супрэматызм паказвала і рэвалюцыйны, і савецкі час. Асабліва здзіўляюць спалучэнні колераў".

Арыгінальныя партрэты і графіку Хадасевіч-Лежэ даставілі з прыватных французскіх калекцый.

Тое, што дарыла музею сама Надзя, сёння развялі супрэматызмам. Дарэчы, на такую геаметрыю натхняў беларускі арнамент. 70 % работ  даставілі самалётам з Францыі - ад нашчадкаў Лежэ і французскага калекцыянера. Тут і адна з першых яе работ - "Дом" 22-га года. 

Яшчэ пры жыцці Надзі Лежэ ў яе была ўсяго адна персанальная выстава ў Мінску. 15 мазаічных пано  ноу-хау савецкага мастацтва  экспанавалі ў Палацы спорту. Дарэчы, мурал яе мужа, Фернана Лежэ, меў усе шанцы быць на фасадзе Палаца. Але ад ідэі адмовіліся: занадта абстрактна выглядаў спорт. А вось прадстаўніцтва савецкага “Аэрафлота” ў Францыі ўпрыгожылі вось такой мазаікай.
У экспазіцыі - перапіска Надзі Хадасевіч-Лежэ.
Яшчэ адно пано Надзі  на фасадзе Нацыянальнага музея Фернана Лежэ. Ідэя камунізму толькі зблізіла яе з мэтрам Акадэміі сучасных мастацтваў. Так, яны пражылі ў шлюбе тры гады, а ўжо пасля смерці Лежэ, Надзя сама будавала яго персанальны музей і запрашала на адкрыццё дырэктара Нацыянальнага мастацкага Алену Аладаву. Дарэчы, перапісваліся на паштоўках з нагоды маючых адбыцца выстаў і віншавалі адзін аднаго з Новым годам. 
У кампаніі яе карцін тут  і графіка мужа. Упершыню экспануюць шпалеру, створаную паводле  эскізаў Фернана Лежэ. Дэманстраваць савецкі поп-арт тут будуць на працягу месяца.