Больш за 30 калектываў аб'яднаў у Мінску музычны фестываль

16 мая 2016

Яны адшукалі сваё месца пад сонцам... у Верхнім горадзе! Сталіца прымала фестываль вулічных артыстаў. Сцэнай для сучасных брэменскіх музыкантаў сталі адразу шэсць пляцовак у гістарычным прадмесці сталіцы.

Лепшыя вулічныя калектывы ў рэжыме нон-стоп змянялі адзін аднаго. Дабрачынны музычны марафон наведала Наталля Кузьміцкая.

"Трымайцеся, мы ўзлятаем!" Альтэрнатыўныя дрым-рок-кампазіцыі гурта «Місія Юпітэр» сапраўды здзейснілі мары аб касмічным палёце. Не навічкі на музычнай прасторы ўпершыню ўдзельнічалі ў фэсце такога вулічнага фармату і, здаецца, прыйшліся даспадобы публіцы.

Фестываль вулічных музыкантаў ладзіцца ўжо другі год запар і становіцца традыцыйным для горада. «Месца пад сонцам» (менавіта такую назву мае фэст) знайшлі больш за 30 аматарскіх і прафесійных калектываў.

Ля ратушы для меламанаў гучала класіка ў футурыстычным выкананні гурта «Танга Чэшырскага ката».

А ў Музычным завулку - сусветныя хіты Стынга, Джо Кокера, Майкла Джэксана ў віртуозным выкананні трыа "Акустык Брыз".

Дзевяць гадзін у рэжыме нон-стоп лепшыя калектывы і выканаўцы змянялі адзін аднаго і не проста дзеля забавы. Слухачы, якія зрабілі ахвяраванні, дапамогуць выканаць не адно дзіцячае запаветнае жаданне. Сродкі, якія ўдалося сабраць падчас музычнага марафону, накіруюць у Дзіцячы дабрачынны фонд.