Больш за 200 модных дамскіх аксесуараў у экспазіцыі мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага

28 мая 2019

Больш за 250  модных дамскіх аксесуараў - ад звыклых капялюшыкаў да бальных сумачак з сакрэтнай перапіскай. Рарытэтныя прадметы XVII-XIX стагоддзяў уключаны ў экспазіцыю мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Пра асабістыя жаночыя сакрэты і гістарычную прыналежнасць будынка да выставы  рэпартаж Ларысы Гулякевіч.

Будынак мастацкай галерэі на тэрыторыі Верхняга горада быў абраны для выставы жаночых аксесуараў зусім невыпадкова. Гэта  помнік архітэктуры канца XVIII стагоддзя. Яго ўладальнікі мелі непасрэднае дачыненне да моднага жыцця тых часоў.

Экспанаты выставы захоўваюць памяць пра былых уладальнікаў. Так, дакладна вядома, што Юрый Кабылінскі збіраў творы мастацтва і старадаўнасці, з якіх зрабіў музей у сваім доме. А кіраўнік горада тых часоў адкрыў модны магазін.

Гэтыя дамскія дробязі і аксесуары дазваляюць адчуць водар старой гарадской сядзібы і пераносіць у рамантычнае і вытанчанае XIX стагоддзе. Дарэчы, былы ўладальнік Леапольд Дальпацэ ў флігелі палаца адкрыў модную жаночую краму, і гэтымі рэчамі маглі карыстацца прыгажуні мінулых стагоддзяў.

Зараз актыўна вяртаюцца ў моду не толькі вінтажныя аксесуары ў выглядзе брошак, элементаў дэкору, але і ўвогуле стыль адзення, фасоны і нават водар парфуму. Яна Сумрачэўская з дзяцінства захаплялася светам парфумерыі і старажытных артэфактаў; рабіла свае даследаванні ў гэтай галіне.

Чайныя і кававыя прылады, посуд і фарфоравыя вырабы мануфактур Мейсана і Сеўра. Асаблівую цікавасць маюць аксесуары для выхаду дам у свет: табакеркі, пудраніцы, мушачніцы, вееры, чарапахавыя грэбні і заколкі – усё, што спрыяла быць больш прывабнымі і шыкоўна выглядаць. Сярод экспанатаў  асабістыя прадметы, якія належалі беларускім князям і прадстаўнікам Радзівілаўскага роду. 

Старажытныя экспанаты прадстаўлены з прыватнай калекцыі мастацтвазнаўца Ігара Сумрачэўскага. Дарэчы, майстар сам займаецца рэастаўрацыяй прадметаў са свайго ўнікальнага збору. 

Сярод унікальных дробязей і прыбораў для вядзення перапіскі – ліст-арыгінал Марыі Дароты Радзівіл 1908 года, якая, дарэчы, мела непасрэднае дачыненне да аднаўлення Радзівілаўскага палаца ў Нясвіжы. Немагчыма ўявіць сабе прыватнае жыццё беларускай шляхты XVII-XVIII стагоддзя без дробязей, якія спрыяюць стварэнню фантазійных і рэальных вобразаў. Сярод строяў бальная сукенка эрцгерцагіні аўстрыйскай Марыі Валерыі Габсбург, французскія і англійскія сукенкі для праменаду і ўрачыстых прыёмаў, хатнія мюлі, чаравічкі для вечара. Пасля таго як гэты дом перастаў быць гарадской сядзібай,  тут знаходзілася мужчынскае духоўнае вучылішча, пазней - Мінскі абласны ваенкамат, а зараз музей-галерэя Міхаіла Савіцкага.