"Багему" Джакама Пучыні ставяць у Вялікім тэатры Беларусі

19 марта 2018

Адну з самых папулярных опер у свеце - "Багему" Джакама Пучыні - ставяць у Вялікім тэатры Беларусі. Для нашай трупы гэта трэцяя рэдакцыя. Гэтым разам ад уладальніка чатырох "Залатых масак" Аляксандра Цітэля. На рэпетыцыі ў народнага артыста Расіі пабывала Іна Пілевіч.

У італьянскай оперы будуць спяваць Шагал і Суцін. Вядомым мастакам з беларускімі каранямі ўпершыню давяраюць вакальныя партыі. Нашы землякі разам з Далі, Ван Гогам, Мадэльяні - героі новай версіі оперы "Багема". Вялікі тэатр пераносіць дзеянне шэдэўра Джакама Пучыні са стагоддзя XIX у XX.

"Багему" на мінскай сцэне збірае ўладальнік адразу 4 "Залатых масак" Аляксандр Ціцель. Для народнага артыста Расіі гэта першая прэм'ера ў Беларусі.

Рэпеціруе хоць і на вялікай сцэне, але пакуль у афармленні іншага спектакля. Праца над дэкарацыямі ўжо вядзецца ў тэатральных цэхах. Афармленне будзе мінімалістычным - такі Парыж у стылі мадэрн.

Рэжысёры-пастаноўшчыкі "Багемы" адмовіліся ад грувасткіх дэкарацый. Галоўным упрыгажэннем сцэны стане экранная тканіна, на якую і будзе праецыравацца тэматычная карцінка.

Французскай эліце - багемныя ўборы. 130 касцюмаў распісваюць уручную. Самыя неардынарныя дастануцца хору. У многіх літаральна зашыфраваныя творы персанажаў. Выканаўцам у прамым сэнсе прыйдзецца несці на галаве вядомыя нацюрморты і пейзажы.

Аснова сюжэта застанецца нязменнай. Небагатыя людзі мастацтва імкнуцца да грошай і славы. Першы паказ оперы працягласцю 2 гадзіны 20 хвілін прызначаны на 25 красавіка. Спецыяльна для падрыхтоўкі "Багемы" за тыдзень да прэм'еры дзверы Вялікага будуць закрытыя для публікі.