Баявік "Чорны сабака" здымаюць на "Беларусьфільме"

14 марта 2017

Сцэнарый кінастужкі паводле рамана Мікалая Чаргінца - арыгінальны калаж з аўтарскай прозы, адаптаваны для гледача. Галоўнай здымачнай пляцоўкай стаў новы павільён кінастудыі. Сумесны беларуска-расійскі праект сабраў па-сапраўднаму зорны склад - адна з галоўных роляў дасталася Уладзіміру Епіфанцаву. Рэжысёр карціны Аляксандр Франскевіч-Лае ўжо вядомы беларускаму гледачу па фільме "Маёр Ветраў".

Глеб Шпрыгаў, прадзюсар: "Гэта сучасны фільм, прысвечаны сучасным праблемам - такім, як барацьба з тэрарызмам, работа спецслужбаў ва ўмовах, у якіх мы зараз усё знаходзімся. Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні шляхоў з Азіі ў Еўропу".

Ігар Поршнеў, гендырэктар нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм": "У фільме 4 серыі, і ён будзе для беларускага пракату, паколькі ў нас задача стаіць, каб напоўніць беларускі пракат беларускімі фільмамі”.

Асноўнае дзеянне фільма разгортваецца ў Мінску. Большая частка інтэр’ерных здымак пройдзе на тэрыторыі Беларусі. Вытворчасць айчыннага баевіка плануюць завяршыць да канца года.