Бабруйск збірае сяброў міжнароднага фестывалю "Вянок дружбы"

26 июня 2015

28 народных калектываў і выканаўцаў з 18-ці краін. Бабруйск збірае сяброў міжнароднага фестывалю "Вянок дружбы" трынаццаты раз.

Сёлета ўпершыню ў форуме бяруць удзел артысты з Кіпра і Канарскіх астравоў. Кірмашы, канцэртныя пляцоўкі, парад ваеннай тэхнікі. Сёлета "Вянок дружбы" супаў са святкаваннем Дня горада. Чым парадуюць гасцей фестывалю - у рэпартажы Андрэя Ястрабава.

Святлана Заўгарава з Эстоніі ў Беларусі не ўпершыню. Але прызнаецца: палюбіла яе пасля першай жа паездкі на фестываль. Сёння менавіта яна прымала ў Бабруйску ў якасці падарунку беларускі каравай. Традыцыя. Так тут сустракаюць усіх гасцей.

Гісторыя станаўлення фестывалю пачалася яшчэ ў 1996 годзе. Тады каля паўтысячы удзельнікаў з Беларусі і Украіны сабраліся на аўтэнтычны фестываль фальклору беларускага Прыдняпроўя. З 2003 года "Вянок дружбы" атрымаў пастаянную прапіску на бабруйскай зямлі.

За гады геаграфія фестывалю толькі пашыраецца. На гэты раз у Бабруйск прыехалі каля 30 калектываў і выканаўцаў з 18 краін свету. Упершыню прыбылі прадстаўнікі ЗША, Кубы, Мексікі, Калумбіі. Адкрыццём года стануць Кіпр і Канарскія астравы.

Марыа Марэна прыляцеў у Беларусь з астравоў. Гаворыць, заўсёды марыў пабываць тут і... знайсці сабе нявесту. Ужо вывучыў некалькі слоў на рускай мове і гатовы спяваць серэнады для каханай.

Фестываль ужо даўно стаў візітнай карткай Бабруйска. Яго чакаюць усе. Бо горад становіцца сапраўднай сталіцай сяброўства, дзе аб'ядноўваюцца кантыненты і краіны. Тут кожны - ганаровы госць. За ўсю гісторыю фестывалю тут пабывалі амаль 10 тысяч удзельнікаў з усіх куткоў свету.

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Мы моцныя гэтай разнастайнасцю акумуляваць у сабе, у нашай краіне самыя лепшыя якасці, праявы творчасці шматлікіх нацыянальнасцяў. Гэта вялікі гонар. І самае галоўнае, што ў горада Бабруйска і Магілёўскай вобласці гэта вельмі добра атрымліваецца".

Сёлета Бабруйск пад флагамі фестывалю адзначае і дзень горада. Мясцовая ўлада да свята падрыхтавала гараджанам падарунак. Пасля рэканструкцыі адкрыецца стадыён.

Андрэй Каваленка, старшыня Бабруйскага гарвыканкама: "На сёння можна назваць спартыўнай арэнай на паўтары тысячы месцаў. Ён адпавядае ўсім стандартам і ўсім патрабаванням. Поле з падагрэвам, якое можа забяспечыць трэніроўку спартсенам пры любых умовах надвор'я".

Ужо заўтра гасцей Бабруйска чакаюць на шматлікіх канцэртных пляцоўках і выставах. Можна будзе ўбачыць тэхніку войскаў СПА - ракетную ўстаноўку С-300. Пройдзе свята нацыянальнай кухні. Горад майстроў і канцэрт народнага артыста Расіі Льва Лешчанкі. Завершыцца свята ў Бабруйску ў панядзелак.