Прэм'ера фільма Беларуская дыпламатыя. Першы міністр адбылася ў галоўным дыпламатычным ведамстве краіны. Карціна прымеркаваная да юбілею - сёлета Кузьме Кісялёву, першаму міністру замежных спраў, споўнілася б 110 гадоў. Толькі нашаму тэлеканалу дасталася эксклюзіўнае права паказу кадраў фільма ў эфіры.
Расказвае Іна Пілевіч. Гэтая заява міністра замежных спраў тады БССР Кузьмы Кісялева ўжо гісторыя. Унікальная чорна-белая хроніка, датуемая красавіком 1945-га. Дэлегацыя Савецкай Беларусі на ўстаноўчай канферэнцыі ў Сан-Францыска. Наша краіна стала паўнапраўным членам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Менавіта тады Кузьма Кісялёў навучыў увесь свет правільна вымаўляць і пісаць назву нашай краіны. Таблічку White Russia папрасіў змяніць і патлумачыў што БССР - гэта не белая Расія.
Ён удзельнічаў у 20 сесіях ААН, звыш 350 канферэнцыях і нарадах. Яго подпіс стаіць пад 8-мю дзясяткамі міжнародных актаў па прававых і палітычных пытаннях. Свае выступленні пісаў асабіста. Кузьма Кісялёў своеасаблівы рэкардсмен беларускай дыпламатыі. Пасаду першага міністра замежных спраў займаў 22 гады. Цяпер яго біяграфія лягла ў аснову дакументальнага фільма рэжысёра Сяргея Агеенкі.
Беларуская дыпламатыя. Першы міністр - гэта 26 хвілін хронікі: ад вучобы на медыцынскім факультэце да пісьменніцкай дзейнасці Кісялёва. На прэм'ерным паказе прадстаўнікі замежных ўстаноў і ведамстваў, для якіх гэтая карціна сапраўдны курс відэалекцый па міжнародных адносінах.
Узнагароды, дакументы, медалі. Свой сямейны архіў пасля прэм'еры дзеці Кузьмы Кісялёва перадалі Цэнтру гісторыі Міністэрства замежных спраў. Пад шклом не проста асабістыя рэчы палітыка і дыпламата, а летапіс міжнародных адносінаў нашай краіны.
Фільм Беларуская дыпламатыя. Першы міністр чакае тэлепрэм'ера. Эксклюзіўнае права на паказ дакументальнай стужкі пра Кузьму Кісялёва атрымала Белтэлерадыёкампанія.














