Білеты на гэты спектакль аматары балетнага мастацтва раскупілі імгненна

27 мая 2013

І гэта не дзіўна. Бо на сцэне Вялікага тэатра Беларусі - легенда сусветнага балета. Толькі адзін спектакль з удзелам народнай артысткі Грузіі і Расіі  на беларускай сцэне.


Пра савецкую балерыну з сусветным імем распавядзе Ларыса Гулякевіч.

Фантастычны балет Жызель або Вілісы, паводле старажытнай легенды, пераказанай Генрыхам Гейне, напісаў французскі кампазітар Адольф Адан у першай палове 19 стагоддзя. Прэм'ера адбылася ў тэатры Гранд-Опера ў 1841. Поспех быў ашаламляльным. Твор  і сёння  па праве ўваходзіць у пяцёрку самых знакамітых балетаў свету. Прывідныя вілісы - нявесты, якія памерлі да вяселля. У Жызель пасля расчаравання ў каханні разрываецца сэрца, і яна трапляе ў царства да вілісаў на могілкі. 

Роля Жызель - адна з любімых балетных партый Ніно Ананіяшвілі. Тут ёсць усё: містыка і рэальнасць, выдатная музыка і кампазіцыя новых па. Словам,  гармонія.
Харэаграфія з часам змянялася і кожная балерына, якая выконвала  партыю Жызель,   імкнулася прыўнесці штосьці новае. Зорка сусветнага балета Ніно Ананіяшвілі, танцуючы Жызель, успамінае сваё першае каханне.

На сцэне Вялікага тэатра Беларусі Ніно Ананіяшвілі, безумоўна, танцавала не раз, аднак Жызель у яе выкананні беларуская публіка бачыць упершыню. Балет - творчасць калектыўнае. Тут важна не толькі знайсці паразуменне з партнёрамі па сцэне, але і з дырыжорам і аркестрам.

Ніно Ананіяшвілі за яе балетную кар'еру ў 30 гадоў запрашалі на самыя прэстыжныя пляцоўкі свету. Яна стала першай савецкай балерынай, якая працавала з такімі тэатрамі, як New York City Ballet, Ковент-Гардэн, Метраполітэн-Опера, Дацкім Каралеўскім тэатрам і шматлікімі іншымі. Сёння прыма-балерына выконвае найскладанейшыя харэаграфічныя партыі. Амаль 10 гадоў яна  ўзначальвае  балетную трупу тэатра оперы і балета ў Тбілісі. Запрашае на выступленні і нашых беларускіх танцоўшчыкаў.