Неацэнны падарунак атрымаў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

5 января 2018

Збор жывапісу папоўніў твор аднаго з прадстаўнікоў Парыжскай мастацкай школы - выхадца Беларусі Восіпа Любіча. Яго завуць адным з найбуйнейшых мастакоў ХХ стагоддзя з беларускімі каранямі. Сёння Любіча ставяць у адзін шэраг з Маркам Шагалам і высока ацэньваюць кошт яго карцін. Эцюд "Маленькі букет кветак", напісаны аўтарам у 32-м годзе, выявілі выпадкова ў адной з прыватных калекцый Швейцарыі. У збор музея карціну перадало пасольства Беларусі ў Швейцарыі. У фондах нашага музея захоўваецца і арыгінальная графічная работа знакамітага аўтара.

Уладзімір Пракапцоў, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь: "Наш зямляк, які нарадзіўся ў Гродне і стварыў шэраг унікальных твораў мастацтва. Безумоўна, гэты падарунак для нас вельмі важны, таму што мы гэтым самым пашыраем сваё ўяўленне аб тых нашых славутых мастаках – земляках, якія ўнеслі вялікі мастацкі ўклад у сусветнае мастацтва".

Павел Мацукевіч, часовы павераны Беларусі ў Швейцарыі: "Невядома дасканала гісторыя, як гэтая карціна апынулася ў Швейцарыі. Мы можам выказаць здагадку, зыходзячы з надпісу на адваротным баку, што яна была зробленая Восіпам Любічам як падарунак нейкай Грэце на дзень нараджэння".

Зараз мастацкі твор Восіпа Любіча "Маленькі букет кветак" можна будзе ўбачыць у пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.