Бялынічы рыхтуюцца прыняць эстафету рэспубліканскага свята - Дня пісьменства

29 февраля 2020
Новая плошча, абноўлены стадыён і ліпавы гай. І гэта толькі крыха вялікай праграмы перазагрузкі Бялыніч. Райцэнтр рыхтуецца прыняць эстафету рэспубліканскага свята - Дня пісьменства. Чакаюць тут і сенсацый. Адна з іх - фрэска, якая захавалася ад былога бялыніцкага касцёла. Над ёй працуюць рэстаўратары, каб упершыню паказаць падчас свята. 

Андрэй Ястрабаў дакрануўся да святыні. Спачатку зазірнём у Мсціслаў. У майстэрню, дзе поўным хадам ідзе рэстаўрацыя адной з галоўных і цудам захаваных фрэсак страчанага бялыніцкага касцёла. Заснаваў яго яшчэ ў першай палове XVII стагоддзя Леў Сапега. Вось так выглядаў калісьці каменны храм. 40 гадоў таму яго зруйнавалі. Аднак мастак Юрый Маліноўскі разам з калегамі паспеў выратаваць тры выявы. 

Сярод іх была і фрэска на біблейскі матыў «Узыходжанне на Галгофу». Малюнкі адслаілі, пасадзілі на новую аснову. Так дайшла да нас мазаіка з фрагментаў. Цяпер кожны з 50 будзе адноўлены. Гарачыя кампрэсы, каб пазбавіцца ад налёту солі, у дапамогу.

А гэта ўжо Магілёў. Знакаміты музей імя Паўла Масленікава. У экспазіцыі – адна з першых выратаваных і адноўленых фрэсак страчанага бялыніцкага касцёла.  Як выглядалі іншыя фрэскі, можна ўбачыць на макетах былога храма. І "Сон Якава", і "Узыходжанне...". Дарэчы, апошняя ўпрыгожвала лесвічную пляцоўку касцёла.  Адноўлены твор як падарунак райцэнтру зойме сваё ганаровае месца ў новым музеі. І гэта не адзінае пераўтварэнне, якое закране гарадок. Рэканструкцыя музея знакамітага на ўвесь свет Бялыніцкага-Бірулі. Будзе высаджаны ліпавы гай.

Многія работы па аднаўленні пачаліся. Хутка з’явіцца новая плошча са сцэнай і партэрам. Звыш 22 мільёнаў рублёў плануецца асвоіць на перазагрузцы Бялыніч.  Само свята, якое запланавана на першыя вераснёўскія выхадныя. З кірмашамі, выставамі рамёстваў, канцэртамі зорак і яскравых народных калектываў. І абавязкова з прэзентацыяй друкарняў. Будзем сачыць за падрыхтоўкай.