Белтэлерадыёкампанія завяршыла прыём заявак на "Еўрабачанне-2015"

25 ноября 2014
Сталі вядомыя прэтэндэнты на музычную пуцёўку ў Вену. Белтэлерадыёкампанія завяршыла прыём заявак на "Еўрабачанне-2015". Як прадстаўнік Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза галоўны медыяхолдынг краіны арганізуе нацыянальны адборачны тур і вядзе падрыхтоўку беларускага ўдзельніка да міжнароднага конкурсу песні. У гэтым сезоне за права прадставіць нашу краіну на прэстыжным форуме змагаюцца як вядомыя артысты, так і пачынаючыя выканаўцы.

Іна Пілевіч - падрабязней.

Вось такія пасылкі з паметкай "Еўрабачанне" на працягу месяца прыходзяць на адрас Макаёнка, 9. На гэтую хвіліну ахвотнікаў прыняць удзел у нацыянальным адборы - 99. Лічба неканчатковая. Справа ў тым, што Белтэлерадыёкампанія прымае бандэролі са штэмпелем апошняга дня прыёму заявак - 21 лістапада.

Лідар у колькасці пасылак - сталіца. Бандэролі ідуць не толькі з розных пунктаў Беларусі, але і з Расіі і Украіны. Прадставіць нашу краіну на "Еўрабачанні" жадаюць музыканты з Новасібірска, Уфы, Кіева і нават вёскі Чайкі.

Аляксандр Рыбак сабраў дзявочы гурт, Юзары заручыўся падтрымкай скрыпачкі, а артысты прадзюсарскага цэнтра "Спамаш" збіраюцца канкурыраваць адзін з адным. Шмат заявак ад артыстаў, знаёмых гледачам па мінулых нацыянальных адборах. Сёлета другую спробу робяць Tasha Odi, група Napoli, "Світэр Бойз" у дуэце з блізнятамі Волгай і Кацяй Кароль. Не абыдзецца праект і без ветэрана конкурсу спявачкі Гюнэш, якая ўдзельнічае ў праекце ўжо шосты раз.

Святлана Смалонская-Краскоўская, кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі:
"Сёлета мы традыцыйна запрашаем усіх на праслухоўванне, акрэдытоўваем туды прэсу, каб усе маглі на свае вочы ўбачыць прэтэндэнтаў, зрабіць нейкія свае высновы і паглядзець, ці супадзе іх меркаванне, іх выбар з выбарам прафесійнага журы. Праслухоўванне адбудзецца ў Белтэлерадыёкампаніі".

Наступны этап праекта - праслухоўванне ў жывым гуку 4 і 5 снежня. Ацэніць кампазіцыі журы, якое дапусціць на фінал не больш за 15 прэтэндэнтаў. Выніковы гала-канцэрт адбудзецца ў прамым эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24" ужо 26 снежня.