4 гадзіны здымак дзеля 30 секунд у эфіры. Каманда Белтэлерадыёкампаніі пачала здымкі відэавізітовак фіналістаў нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне". Праходзіць усё пад адкрытым небам - у Лошыцкім парку Мінска. Гістарычнымі дэкарацыямі сталі руіны радавой капліцы Прушынскіх 18-га стагоддзя. Героі ролікаў - сучасныя спадчыннікі беларускіх традыцый, але ў звыклых для дзяцей акалічнасцях.
Юрый Ярошык, рэжысёр візітовак удзельнікаў фіналу нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017":
"Спецыяльна пад здымкі ў нас вызірнула сонца. Сонца - сімвал "Еўрабачання" ў Грузіі, і менавіта ад сонца мы будзем адлятаць на кожнага нашага ўдзельніка. У нас кружацца дзеці, яны бегаюць па парку. Мы паказваем нашы славутасці і нашу культуру праз маленькіх дзяцей".
За тыдзень група зменіць некалькі лакацый. Натурныя здымкі пройдуць і ў Мірскім замку, і ў музеі ў Строчыцах. Тэлегледачы змогуць убачыць ролікі ў эфіры "Беларусь 1" і "Беларусь 24" падчас прамой трансляцыі 25 жніўня.













