Белтэлерадыёкампанія аб'яўляе адкрыты конкурс на распрацоўку сімволікі дзіцячага "Еўрабачання"

29 октября 2017

Нагадаем, у наступным годзе сталіцай міжнароднага песеннага форуму стане Мінск. Мінулы раз наша краіна прымала еўраталенты ў 2010. Тады беларускі маштаб і ўзровень падрыхтоўкі заваяваў не толькі спецыялістаў, але і, у першую чаргу, шматмільённую аўдыторыю гледачоў.

Штогод краіна-гаспадыня выбірае спецыяльную тэму шоу, якую візуалізуюць праз лагатып і слоган. Менавіта яны задаюць агульны настрой конкурсу. Якім будзе беларускае шоу, зараз напроста залежыць ад вас і вашых ідэй.

Уласныя праекты па дызайне эмблемы, а таксама яркі дэвіз конкурсу на англійскай мове можа прапанаваць любы ахвотнік. Галоўная ўмова - унікальнасць.

Графічнае афармленне лагатыпа - своеасаблівы ідэнтыфікатар краіны - гаспадыні конкурсу. Прэстыжны песенны форум нязменна суправаджае агульны для ўсіх краін тэкставы лагатып, напісаны арыгінальным шрыфтам Junior Eurovision. Да яго дадаецца індывідуальны сімвал шоу арганізатара. Так, пазалетась у Сафіі эмблемай стаў дзьмухавец. З адпаведным хэштэгам #discover - "Адкрывай". А годам пазней Валета абрала ў якасці лагатыпа два крылы. У падтрымку творчым абдымкам і прыязны слоган - "Абдымай". А вось Грузія сёлета змясціла ўсе краіны-ўдзельніцы пад адным сонцам. Дарэчы, старажытны сімвал для Грузіі мае асаблівае сакральнае значэнне. А галоўнае пасланне - "Ззяй ярка!" - зараджае на творчыя перамогі.

Зараз жа слова і лога за намі. Беларусь будзе праводзіць вялікі кастынг ідэй. А якім будзе канчатковы вынік, залежыць ад вас. Свае праекты лагатыпа і слогана прысылайце на адрас: 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9, а таксама на электронную пошту Белтэлерадыёкампаніі: junioreuro2018@gmail.com не пазней за 15 лістапада гэтага года.

Пераможца стане часткай крэатыўнай каманды па падрыхтоўцы самага папулярнага конкурсу песні. Усе падрабязнасці на сайце tvr.by. Давайце разам зробім дзіцячае "Еўрабачанне" ў Мінску незабыўным!