Белтэлерадыёкампанія аб'явіла пра старт новага праекта Я магу!

22 сентября 2014

Творчая каманда медыяхолдынга занялася пошукам таленавітых і яркіх асоб. Самыя ўнікальныя персоны з розных куткоў краіны возьмуць удзел у народным шоу. Прэм'ера маштабнага праекта пройдзе на тэлеканале Беларусь 1 ужо ў гэтым сезоне.


Як стаць героем праграмы? Падрабязнасці ў Іны Пілевіч.


100 мільёнаў беларускіх рублёў за ўменне вязаць шыдэлкам, а магчыма, віртуозна іграць на балалайцы. Менавіта такі грашовы прыз гарантуе самаму таленавітаму беларусу новае шоу Я магу!. Але перш чым трапіць на запіс у тэлевізійны павільён, удзельнікам трэба прайсці кастынг.


Гераіня рэкламнага роліка праекта спрабуе з'есці лімон. І нават з такім сумніўным талентам вас выслухаюць суддзі на кастынгу, бо, каб трапіць у шоу, трэба ўсяго толькі здзівіць журы. У складзе творчай каманды - прадзюсары, рэжысёры, аператары і вядомыя асобы Белтэлерадыёкампаніі.


Вольга Шлягер, намеснік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала Беларусь 1: У Магілёў паедзе заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Спірыдовіч, у Гродна, напрыклад, паедзе Святлана Бароўская. Таксама Вольга Рыжыкава, Дзяніс Дудзінскі, Дзіма Карась. Нашых медыяперсон мы будзем браць у той ці іншы горад, каб яны дапамагалі нам адбіраць лепшае.


Кастынгі шоу Я магу! ахопяць усю краіну. Ужо заўтра каманда праекта будзе шукаць таленты ў Магілёве. Тых, хто жадае заявіць аб сабе, чакаюць у гарадскім Цэнтры культуры з поўдня да 22 гадзін. Маршрут шоу пройдзе праз Бабруйск, Гродна, Баранавічы, Брэст, Віцебск, Гомель, Маладзечна. Фінальным горадам камандзіроўкі стане Мінск. Вядучымі праслухоўвання і самога шоу стануць фіналіст Еўрабачання Тэа і аўтар слоў песні Чызкейк шоўмен Дзмітрый Новік.


Дзмітрый Новік, вядучы шоу Я магу!: Не абавязкова спяваць, не абавязкова толькі танцаваць. Калі ў вас ёсць нейкія іншыя здольнасці, нам бы хацелася іх бачыць.


Тэа, вядучы шоу Я магу!, спявак: Павінна быць нешта неардынарнае. Напрыклад, здзівіць нейкай звышвысокай нотай удасца наўрад ці. А вось, напрыклад, сшыць мужчынскі касцюм за 3 хвіліны, прычым такі, каб можна было яго выкарыстоўваць як канцэртны, вось гэта мяне б здзівіла.


Па выніках папярэдніх адбораў журы вызначыць 120 удзельнікаў, якія з'явяцца ў тэлевізійным эфіры. Трыумфатара выберуць шляхам галасавання гледачоў і суддзяў. Яго імя даведаемся ў маі.


Усе кастынгі праекта Я магу! пройдуць пад прыцэлам тэлекамер. Сачыць за лёсам удзельнікаў можна не толькі з выпускаў самога шоу, але і са спецыяльных Дзённікаў і сюжэтаў навін. Таксама інфармацыя наконт праекта будзе размяшчацца на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі.