Беларускаму радыё спаўняецца 90 гадоў

15 ноября 2015

24 гадзіны за суткі. Інтэрнэт-вяшчанне і праграмы на 8 мовах свету. Беларускаму радыё спаўняецца 90 гадоў. З юбілеем калектыў арганізацыі павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Сёння найбуйнейшы медыя-рэсурс краіны - гэта 5 каналаў, Першы нацыянальны. Радыёстанцыі - "Беларусь", "Сталіца", "Радыус ФМ", "Культура" - абсталяваны па апошнім слове тэхнікі і іх слухаюць ва ўсім свеце. Гісторыя і сучаснасць - у рэпартажы Святланы Лук'янюк.

120 гадоў таму быў прыняты першы радыёсігнал, а праз 30 гадоў, у 1925, радыё загаварыла па-беларуску. Чулі гэты голас уладальнікі талерак-рэпрадуктараў, апантаныя радыёаматары. Але за 15 даваенных гадоў радыё паступова пачало прыходзіць у буйныя і малыя гарады і вёскі з навінамі, канцэртамі, прамымі трансляцыямі ўрачыстасцяў, радыёспектаклямі.

Наталля Баўкалава, спецыяльны карэспандэнт Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё:

«Фондавыя запісы, якія мае Беларускае радыё, гэта настолькі каштоўны наш скарб, ты ведаешь тых акцёраў, калі чуешь іх галасы, успаміны. Гэта стваралася менавіта для радыё».

Рарытэты сёння і тэхніка для гуказапісу мінулых гадоў. Яна становіцца больш кампактнай. Вось на такіх магнітафонах працавалі 70 гадоў таму. Цяпер жа прыстасаванне для запісу лёгка памесціцца ў кішэні. Мантаж таксама стаў больш хуткім. Вялікія бабіны стужак замянілі камп'ютары.

38 гадоў Беларускае радыё выходзіла ў эфір з розных адрасоў вуліц: Кірава, Рэвалюцыйнай, праспекта Незалежнасці. У гады вайны - з Масквы. А гэты будынак на Чырвонай, 4 з'явіўся ў 1963 годзе - першы Дом радыё ў былым Саюзе. З таго часу і да сённяшняга дня тут працуе Беларускае радыё. Лепшыя традыцыі, закладзеныя 90 гадоў таму, сёння прадаўжае Першы нацыянальны канал.

Дома ці ў машыне вы з лёгкасцю знойдзеце хвалі Беларускага радыё. У яго чвэрць вяшчання ў айчынным ФМ-эфіры. Дакладны прыём у Першага нацыянальнага, каналаў “Культура”, “Сталіца” і “Радыус ФМ”. У кожнага сваё аблічча, свая аўдыторыя - для моладзі, прыхільнікаў рок-музыкі, аматараў тэатральных прэм'ер ці інфармацыйнага вяшчання.

А з ранку хваля 106,2 ФМ Першага нацыянальнага па-ранейшаму застаецца ў топе тых, каго слухаюць. Інфармацыйная праграма “Радыёфакт” з 7 да 8 раніцы ў будныя дні ў эфіры ўжо 24 гады.

Гэтыя традыцыі захаваліся і да сённяшняга дня. Толькі крыніц інфармацыі стала куды больш. Адабраць важнае і дакладнае – задача журналіста.

Беларускае радыё імкнецца быць разнапланавым, і такія памкненні падтрымліваюць слухачы. Яны дасылаюць сюды, на Чырвоную, 4, друкаваныя лісты, адпраўляюць СМС, пішуць на электронную скрыню. І галоўнае - яны штодзень слухаюць Беларускае радыё.