Беларускае радыё пачынае новы вяшчальны сезон

30 сентября 2019

Ужо заўтра адразу 5 радыёканалаў медыяхолдынга пачнуць новы вяшчальны сезон. Да восені найважнейшы медыярэсурс краіны істотна абнавіў праграмную лінейку. Яшчэ больш спецпраектаў, аналітыкі і прамых эфіраў. У юбілейным сезоне адкрыюць залатыя фонды айчыннага радыёвяшчання і абновяць афіцыйны сайт.

Акрамя таго, за радыёкухняй можна будзе сачыць у сацыяльных сетках і на афіцыйных відэаплатформах. Падрабязна пра новы сезон на Беларускім радыё  ў рэпартажы Ніны Мажэйкі

Класічнае інфармацыйнае вяшчанне тут умеюць загарнуць і падаць як далікатэс. Яшчэ больш аналітыкі ў новых спецпраектах кожны дзень у 15:30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Ад падрыхтоўкі выбарчай кампаніі да падрабязнасцей ходу перапісу насельніцтва. Азнаёмяць з энергетычным аспектам будаўніцтва Беларускай АЭС і зрэзюмуюць тыдзень у праграме “7 дзён”. Хай-тэк- аналітыка ў перадачы “IT-краіна”. Калі вы яшчэ незнаёмы з апошнімі распрацоўкамі рэзідэнтаў ПВТ ці яшчэ не разабраліся ў нюансах сістэмы электроннай аховы здароўя, вам сюды. 

Надзея Скараход, аўтар і вядучая праекта "IT-краіна" на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё: "Сёння гаджэты ва ўсіх сферах нашага жыцця. А многія дадаткі, праграмы, унікальный кантэнт ствараюць беларусы, крэатыўная моладзь - вось усё гэта і ёсць “IT-краіна”, Беларусь. Пра гэта мы і збіраемся гаварыць у нашым новым праекце ў новым вяшчальным сезоне".

На 106,2 гісторыя загаворыць уласным голасам. Так, Купалу і Коласа паслухаем ужывую дзякуючы спецпраекту "Радыёкропка". Да 95-годдзя айчыннага вяшчання Першы нацыянальны адкрывае архівы. 

Максім Угляніца, намеснік галоўнага дырэктара - дырэктар інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё: "Мы зноў зайшлі ў залатыя фонды Беларускага радыё. Знайшлі там вельмі шмат цікавых запісаў. Амаль усе яны на стужках старых, іх трэба алічбоўваць. Зараз мы гэтым займаемся. І ў гэтым спецпраекце, а таксама ў інтэрнэце. Хутчэй за ўсё, на нашым YouTube-канале, у сацыяльных сетках мы будзем выкладваць гэтыя унікальныя, я лічу, запісы, звязаныя не толькі з радыё, а ўвогуле, як жыла краіна ў тыя часы".

За 95 гадоў Беларускае радыё трансфармавалася ад 30-хвіліннай передачы да 5 каналаў са сваім слухачом. Спакушаць мастацтвам, як і заўсёды, будуць на канале "Культура". Жывых канцэртаў стане больш. Да таго ж пашыраць праграмную сетку дзякуючы кааперацыі з тэлеканалам "Беларусь 3".

Уладзімір Трапянок, дырэктар канала "Культура": "Мы, у прыватнасці, у нашу культурную сетку ўключаем такія праекты, якія будуць знаёміць з паэзіяй XXI стагоддзя. Гэта будуць яшчэ і перадачы, якія будуць знаёміць з літаратурай, з кароткімі формамі беларускай літаратуры. Мы актыўна ўключаемся ў працу з нашым сімфанічным аркестрам БТ. І з ім будзем пісаць канцэрты, якія будуць гучаць у эфіры, якія будуць перадавацца ў абменны фонд Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза".

Знаёмяць з Беларуссю цяпер і па-арабску. Міжнароднае радыё "Беларусь" афіцыйна вяшчае на дзевяці мовах. Ля мікрафона выкладчык з факультэта міжнародных адносін Закарыя Эль Фадэль. Грамадзянін Марока пераехаў у Мінск яшчэ ў 70-х, таму пра беларусаў яму ёсць што расказаць суайчыннікам. 

Міжнароднае радыё "Беларусь" цяпер і ў мабільным тэлефоне. Любімую радыёстанцыю можна будзе слухаць з любой мабільнай платформы дзякуючы мультымедыйнаму сэрвісу (International MediaBay Alliance LLC). Колькасць сталых падпісчыкаў складае каля 850 тысяч, а агульная лічба наведвальнікаў - 28 мільёнаў. 

Прывабліваць трэба не толькі аўдыторыю, але і рэкламадаўцаў. Пра гэта і не толькі на вялікай лятучцы з супрацоўнікамі адразу 5 радыёканалаў напярэдадні новага сезона гаварыў старшыня медыяхолдынга. Закранулі і ўкараненне сістэмы вымярэнняў слухачоў - патрабаванне і часу, і калег за мяжой. Таму піплметр у FM-дыяпазоне павінен з'явіцца ў найбліжэйшы час.