Беларуска-французскі праект да дня нараджэння кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча

31 июля 2017

Беларуска-французскі праект да дня нараджэння кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча прайшоў у касцёле Святога апостала Андрэя ў вёсцы Нарач. Падрабязнасці - у Ларысы Гулякевіч.

Музычная спадчына Дзмітрыя Шастаковіча стала класікай савецкай і сусветнай культуры. 15 сімфоній, 6 канцэртаў, 3 оперы, 3 балеты, вялікая колькасць камерных твораў, музыкі для кінафільмаў і тэатральных пастановак. Што ж звязвае сусветнага генія з Беларуссю?

Чым багатая зямля беларуская? Таленавітымі асобамі, што праслаўляюць сваю краіну на ўвесь свет. Французска-беларускі праект у вёсцы Нарач прысвечаны генію XX стагоддзя кампазітару Дзмітрыю Шастаковічу. Карані яго генеалагічнага дрэва сыходзяць у Мядзельшчыну. Менавіта тут у вёсцы Шэметава нарадзіўся яго прадзед Пётр Шастаковіч.

Гэтыя звесткі адшукаў у розных архівах яшчэ адзін выхадзец з Беларусі оперны спявак, які зараз жыве ў Францыі, Аркадзь Валадось. Год таму менавіта ў Шэметаве і адзначалі канцэртам 110-годдзе Дзмітрыя Шастаковіча. Сёлета вёска Нарач працягвае новую традыцыю, але ёсць ідэя зрабіць на Мядзельшчыне цэлы фестываль - не толькі з музыкамі, але і з мастакамі.

Спецыяльна для гэтага канцэрта ў касцёл Святога апостала Андрэя быў запрошаны французскі габаіст з Парыжа Жэром Гішар.

Жэром Гішар, габаіст (Францыя): "Я не раз выконваў творы Шастаковіча - гэта вялікі кампазітар, але сёння разам з беларускім квартэтам барочную музыку Марчэла і творы Моцарта. Беларусь я палюбіў шмат гадоў таму, калі выкладаў у кансерваторыі па міжнародным абмене. І зараз, пасля 20 гадоў, вярнуцца сюды - вялікае шчасце, я нават некалькі слоў ведаю па-руску".

Адбылася на Нарачы і сустрэча музыкаў і арганізатараў праекта з новым пакаленнем музыкаў - навучэнцамі і выпускнікамі музычнай школы.

Традыцыя правядзення ў Мядзельскім раёне канцэртаў, прысвечаных Дзмітрыю Шастаковічу, была закладзена летась у касцёле Дзевы Марыі Нястомнай Дапамогі і сёлета працягваецца ў нарачанскім касцёле Святога апостала Андрэя. Наступны год абяцае пашырыць канцэртныя межы да фестывальных.