Беларуская мова з першых крокаў жыцця - у адным з дзіцячых садкоў Гомеля

6 Красавіка 2019

Беларуская мова практычна з першых крокаў жыцця. У адным з дзіцячых садкоў Гомеля вось ужо 7 гадоў паспяхова выхоўваюць дзяцей па ўнікальнай вучэбнай праграме, галоўны арыенцір якой - выкарыстанне роднай мовы. На ёй дзеці размаўляюць паміж сабой, спяваюць старадаўнія абрадавыя песні і вучаць вершы. А з традыцыямі беларускай культуры знаёмяцца на практыцы ва ўласным этнаграфічным музеі. Незвычайны вопыт актыўна разыходзіцца па іншых дзіцячых садках. Прычым, не толькі ў Гомелі, але ўжо і па ўсёй вобласці. У беларускамоўную дашкольную групу зазірнула Ганна Кавалёва.

Замест цацак - старадаўнія экспанаты: прадметы беларускага побыту мінулых стагоддзяў і саматканыя ручнікі. Такі занятак у яслях-садзе нумар 160 Гомеля - карціна тыповая. Тут маленькіх беларусаў  амаль з пялёнак вучаць размаўляць на роднай мове. 

Тут гэта ўвайшло ў звычку. На беларускай мове спяваюць песні, размаўляюць паміж сабой, развучваюць скорагаворкі і вершы.

Пляцоўка для вывучэння мовы і народных традыцый - уласны этнаграфічны музей. У атмасферы нацыянальнай гісторыі працэс праходзіць больш эфектыўна. Экспазіцыя адразу ў трох залах. У іх  партрэты песняроў беларускай зямлі, нацыянальная сімволіка і прадметы побыту, якімі беларусы карысталіся сотні гадоў таму. Прычым, да вывучэння ўсяго падыходзяць практыкаарыентавана.

Тут дзеці ўдзельнічаюць у старажытных карагодных абрадах - такіх, як "Гуканне вясны" ці "Калядкі". Некаторым з іх больш за 2 стагоддзі.

Дарэчы, у 3-гадовым узросце зацікаўленасць дзяцей да пазнання навакольнага свету на максімуме. Гэты псіхалагічны момант і вырашылі выкарыстоўваць выхавальнікі. Новую праграму як эксперымент укаранілі 7 гадоў таму. Прычым адны з першых у Гомелі. Ноу-хау прыжылося. Бацькоў форма выхавання прыцягнула. З гадамі ахвочых запісаць сваё дзіця ў такую групу менш не становіцца.

Падтрымку ў беларускамоўным навучанні аказвае ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. У выніку такі вопыт стаў прыкладам для іншых. У сёлетнім навучальным годзе такія групы з'явіліся яшчэ ў двух дзіцячых садках Гомеля. Назапашаны дыдактычны матэрыял літаральна на днях прадэманстравалі ўжо і на ўсю вобласць. Зараз атрыманы вопыт на месцах укараняюць метадысты.