Беларускі вернісаж - у Парыжы

22 ноября 2016

У гэтыя хвіліны ў французскай сталіцы праходзіць прэзентацыя выставы нашых юных мастакоў. Праект прысвечаны 150-годдзю вядомага ілюстратара, сцэнографа Лявона Бакста. Пазнаёміцца з дзейнасцю нашага знакамітага земляка маглі і напярэдадні ў будынку сусветна вядомай "Гранд Апера", дзе былі выстаўленыя гістарычныя дэкарацыі і касцюмы мастака. Сімвалічна, што выхадзец Гродна набыў сусветную вядомасць менавіта ў Францыі.

Усе падрабязнасці з Парыжа ад Іны Пілевіч.

Штаб-кватэра ЮНЕСКА як музей. Сёння тут, у цэнтры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры, - прэзентацыя беларускай выставы. У экспазіцыі - творы нашых суайчыннікаў, прысвечаныя вядомаму мастаку, сцэнографу і ілюстратару Лявону Баксту.

Творчасць Бакста вачыма дзяцей. Свой погляд на шэдэўры класіка ў Францыі паказваюць землякі творцы - вучні Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Два дзясяткі пачынаючых аўтараў, самаму малодшаму з якіх 10 гадоў. Дэбютуюць у Парыжы на 4 дні.

Павел Латушка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі: «Cімвалічна, што з Парыжам звязаны не толькі Бакст, але вельмі шмат прадстаўнікоў беларускай культуры: і Шагал, і Суцін, і Ваньковіч, і Міцкевіч, і Кікоін, і гэтак далей, і гэтак далей. І вось сёння мы пракладаем мост ад спадчыны тых людзей, якія нарадзіліся на беларускай зямлі, праславілі сябе і праславілі таксама беларускую культуру, да маладых мастакоў, да нашых дзетак, якія пакажуць у гэтыя дні свае творы, прысвечаныя тэатру, тэатральнаму мастацтву, у адной з самых галоўных арганізацый у свеце ў сферы адукацыі і культуры».

Ён змяніў сусветную моду і прышчапіў Еўропе любоў да экзотыкі. Вядомасць Лявону Баксту прынеслі праекты для Рускіх сезонаў Дзягілева ў Парыжы і Лондане. Касцюмы і дэкарацыі ў выкананні беларуса зрабілі аншлагавымі такія легендарныя пастаноўкі, як «Клеапатра», «Шахеразада», «Сіні бог». Апроч таго, майстар стылю арт-нува заявіў сябе як жывапісец, партрэтыст, дызайнер - праектаваў ад модных аксесуараў да інтэр’ераў.

ЮНЕСКА аб’явіла 2016 годам Бакста. Падчас 38-й сесіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры 150-годдзе мастака было ўключана ў спіс памятных дат. Калі прасцей, юбілей нашага земляка адзначаюць ва ўсім свеце.