Беларускі традыцыйны касцюм гістарычна ўплывае на еўрапейскую моду

24 октября 2017

У Мінску сустрэліся этнографы з усяго свету.

Падрабязнасці - у Наталлі Бардзілоўскай. У еўрапейскай міфалогіі існуе паданне, паводле якога Дракона перамагае не традыцыйны святы Георгій, а жанчына ў белай намітцы. Яна бярэ пад кантроль злодзея і водзіць яго на тонкім ланцужку. Так, яшчэ з сівой даўніны галаўны ўбор беларускіх сялянак уразіў іншаземцаў. Сапраўды ж, белая тканіна мудрагеліста павязаная на галаве замужніх беларусак, мела вялікі сакральны сэнс: гэта абярэг, які жанчына праносіла і зберагала ад замужжа да смерці. Сотні намітак з розных рэгіёнаў Беларусі – у цэнтры калекцыі традыйнага касцюма Музея старабеларускай культуры. Яшчэ хусткі, вянкі, абручы і павы.

Гэта ўбор нашых прабабуль, ураджэнак Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Гэта брыжы – частка касцюма свацці альбо тамады на вяселлі. Таму рэч такая стракатая, упрыгожаная пер’ямі пеўня, які ў нашай традыцыйнай культуры з’яўляецца сімвалам сям’і. Вось самім касцюмам старэйшая жанчына і жадала маладым шчасця і шмат дзяцей.

Навукоўцы і майстры прыкладнога мастацтва з Расіі, Польшчы, Літвы і Украіны – блізкія і далёкія суседзі, якія сабраліся на форум, цікавяцца беларускім традыцыйным строем, вывучаюць кожны выставачны экспанат. Калісьці гістарычна мы былі адной дзяржавай - Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя. Таму відавочна, у культуры касцюма – кроі, каляровай гаме, упрыгажэннях - шмат агульнага.

Выстава аб’яднала сялянскі і шляхецкі касцюмы. Абодва яны – аўтэнтычныя помнікі, якія характарызуюць наш нацыянальны партрэт. Уборы часоў Радзівілаў і Сапег у першапачатковым выглядзе амаль не захаваліся, але рэканструяваныя і даўно сталі часткай сцэнаграфіі. Вось узоры з опер “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Сівая легенда”.

І яшчэ. Гэта толькі здаецца, што тон моды заўсёды задавала Еўропа. Паглядзіце, знакамітыя турнюры - пышная са спіны частка жаночай сукенкі - у Парыжы з’явіліся напрыканцы 19 стагоддзя. Але на 100 гадоў раней закручаныя спадніцы насілі нашы няглюбскія сялянкі з Веткаўскага раёна Беларусі.