Беларускі модны брэнд упершыню пакажуць у Азіі

7 января 2016

Сваю калекцыю дызайнер з Віцебска Марына Давыдава прэзентуе ў рамках пятага сезона Тыдня моды ў кітайскім Харбіне. Беларусы выйдуць на подыум 14 студзеня з калекцыяй вясна-лета для аўталэдзі. Падчас фешн-шоу гледачы ўбачаць больш за 30 вобразаў. У аснове, вядома, аўтамабільная тэматыка: нумары, маторы, а гарлавіны і бакі вырабаў нагадваюць акружнасць руля. З улікам таго, што ўначы ў Харбіне да мінус 30-ці, на поўнач Кітая з Беларусі адправіцца і нямала шарсцяных рэчаў брэнда "Давыдава".

Яніна Ганчарова, кіраўнік Belarus Fashion Week: "Каб сёння адказна гаварыць наконт узроўню мерапрыемства і перад дызайнерамі і перад беларускай грамадскасцю, вядома, мы наведалі гэтае мерапрыемства летась. Нягледзячы на далёкую адлегласць, мы паглядзелі ўзровень, калекцыі, паглядзелі, ці будзе гэта паспяхова для дызайнера. І вось сёлета едзем непасрэдна з прадуктам беларускай моды".

Міжнародны тыдзень моды ў Харбіне адкрыецца ў аўторак, 12 студзеня. У ім возьмуць удзел дызайнеры з 20-ці краін свету, у тым ліку ЗША, Вялікабрытаніі, Тайланда, Італіі, Расіі, Украіны і іншых.