Беларускі балет з японскім характарам. На сцэну Вялікага тэатра выйдзе Такатошы Мачыяма

31 января 2019

Вядучы майстар сцэны беларускага балета - японец Такатошы Мачыяма пакарае сэрцы беларускай публікі. У яго творчай скарбонцы 26 партый, шматлікія міжнародныя перамогі і балетная рэжысура. А ў гэтыя выхадныя артыст выйдзе на сцэну ў ролі чыноўніка ў пастаноўцы "Анюта" паводле апавядання Чэхава. Падрабязна Ларыса Гулякевіч.

Ён ніколі не задаволены сваім выступленнем на ўсе сто. Любіць беларускую зіму, а ў харчаванні прытрымліваецца каларыйнай дыеты. Артыст беларускага балета Такатошы Мачыяма родам з японскага горада Осака. У беларускім Вялікім ён працуе 7 тэатральных сезонаў - каляндарных 6 гадоў.

У свае 27 Такатошы Мачыяма паспеў 10 гадоў прысвяціць рэкбі, захапіцца мастацтвам, скончыць Акадэмію рускага балета ў Санкт-Пецярбургу і атрымаць неверагодную колькасць медалёў і ўзнагарод на самых прэстыжных міжнародных балетных конкурсах.

Рускую мову ніколі не вывучаў па слоўніках ці на курсах. Толькі на слых успрымаў ад сваіх сяброў і калег па сцэне. Японскі характар не толькі у працаздольнасці і патрабавальнасці да сябе, але і ў сяброўскай падтрымцы сваіх партнёраў.

Над кожнай роллю Такатошы працуе дасканала як тэхнічна, так і артыстычна. Выконвае галоўныя партыі ў такіх спектаклях, як "Дон Кіхот", "Бахчысарайскі фантан", "Баядэрка", "Шчаўкунчык" і шмат іншых. А ў рускім балеце "Анюта" паводле апавядання Чэхава "Ганна на шыі" японскі артыст стварае вобраз рускага чыноўніка Мадэста. Гэта больш драматычная роля, чым харэаграфічная.

Камедыянт і Па-дэ-труа ў "Лебядзіным возеры" Чайкоўскага. Такатошы дадае асаблівы колер балету, захапляе сваёй харызмай і тэхнічнай віртуознасцю.

У беларускім Вялікім рэалізавалася дзіцячая мара Такатошы - балетныя партыі эталонных прынцаў. На беларускай сцэне ён стаў як Маленькім прынцам у балеце Яўгена Глебава, так і Прынцам у спектаклі “Шчаўкунчык" Пятра Чайкоўскага. Гэтыя ролі ён сыграў у пастаноўках Аляксандры Ціхаміравай. Менавіта гэты рэжысёр і прапанавала яму стаць асістэнтам у пастаноўцы "Санетаў" і "Ор і Ора".