Беларускія рамеснікі прапануюць свае работы падчас Еўрапейскіх гульняў

19 марта 2019

У зонах гасціннасці разгорнецца продаж аўтарскіх сувеніраў, лялек, аксесуараў. Сёння Беларуская гільдыя майстроў і рамеснікаў налічвае больш за сто самабытных умельцаў з розных рэгіёнаў краіны. Іх аўтарскія работы атрымалі высокую ацэнку  на выставах у Італіі, Францыі, Нідэрландах і Расіі. На творчы майстар-клас да рамеснікаў завітала Марына Мураўёва.

Героі піксельных гульняў 90-х, персанажы анімэ і канструктара лега  на фетравых брошках. Таццяне Наканечнай спалучаць незвычайнае хобі з прафесіяй інжынера-канструктара нічога не замінае. Магістр тэхнічных навук у вольны ад працы час скрупулёзна мадэлюе, сшывае і аздабляе сваіх фетравых герояў.

Надзея Недашкоўская захапілася рукадзеллем яшчэ ў дзяцінстве. Матуля натхніла. Яна валодала рэдкім майстэрствам швачкі па вышыванні золатам. Надзея таксама асвоіла гэтую ўнікальную тэхніку, і сёння яе аўтарскія брошкі выкананы з элементамі залатога ручнога шыцця. 

Асноўны матэрыял такога шыцця - каніцель залатога ці серабрыстага колеру. Ёю акрэсліваюць контуры ўпрыгажэнняў, потым аздабляюць бісерам, стразамі або пацеркамі. Цікава, што большасць работ майстра - гэта разнастайныя насякомыя. Не выпадкова. 

Кожны выраб аўтара адзінкавы, непаўторны. Эскізы стварае самастойна, папярэдне  дэталёва разглядае макраздымкі розных матылькоў і жукоў. На свой густ мяняе колер, памер, дадае новыя дэталі. 

Вышыўка бісерам можа быць як самастойным упрыгажэннем, так і элементам дэкору. Напрыклад, на гэтай жаночай сумачцы партрэт гадаванца. Або вось такі кулон са сталічным пейзажам, аздоблены агатам.

Сёння Беларускую гільдыю майстроў і рамеснікаў  прадстаўляюць больш за сто аўтараў з усёй краіны. Напрамкі і тэхнікі разнастайныя: дэкаратыўна-прыкладное і манументальнае мастацтва, народныя промыслы, сучасны дызайн, аўтарская лялька. Ацаніць самабытнасць кожнага майстра можна будзе і падчас II Еўрапейскіх гульняў. Народныя ўмельцы разгорнуць вялікі кірмаш  у зонах гасціннасці.