Беларускія "Песняры" пакарылі Парыж

14 ноября 2016

Праз 40 гадоў (пасля першых і адзіных гастроляў у Францыі, калі канцэрт адбыўся ў Канах) знакамітая "Касіў Ясь канюшыну" прагучала ў самым сэрца сталіцы - на Елісейскіх палях. Прычым пры поўным аншлагу. Білеты раскупілі за тыдзень да канцэрта. Вяртанне легендарнага ВІА ў Францыю адбылося ў рамках "Беларускіх музычных сезонаў" пры падтрымцы пасольства нашай краіны. Рэпартаж Іны Пілевіч.

Іх французскі сняданак - не круасан і кофе, а эфір на радыё. Беларускіх гастралёраў - ансамбль “Песняры” - чакаюць слухачы рускамоўнай дыяспары ў Францыі. “Радыё дзвюх сталіц” у Парыжы ужо 10 гадоў ўтрымлівае напалову беларус Эдуард Новікаў. Маці заснавальніка інтэрнэт-радыёстанцыі паходзіць з Асіповіч.

У прамым эфіры - розыгрыш білетаў на вячэрні канцэрт. Пытанне віктарыны - калі і дзе «Песняры» раней выступалі ў Францыі. Сёлета юбілей, як беларускі ансамбль сыграў для мясцовых фанатаў. У 76-м “Песняры” выступілі на канскім фестывалі MIDEM, куда запрашаюць выключна лідараў па продажы пласцінак. Разам з калектывам Мулявіна Савецкі Саюз прадстаўлялі трыа “Рамэн” і Ала Пугачова.

Эдуард Новікаў, уладальнік радыёстанцыі «Радыё дзвюх сталіц»: "Пугачова спадабалася французам, "Рамэн" быў названы нейкай бандай, ніхто не зразумеў, аб чым яны іграюць, а вось "Песняроў" праводзілі стоячы".

40 гадоў таму Каны, а сёння Леон і Парыж. У французскай сталіцы паслядоўнікі Мулявіна збіраюць Сен-Жэрмен. Канцэртная пляцоўка ў багемным раёне - 15 хвілін пешшу да Луўра і Сабора Парыжскай Божай Маці.

Выступаюць ужывую. Таму большасць тэхнічнага абсталявання прывезлі з Беларусі. Для гітар і клавішных бралі асобныя месцы ў самалёце.

Продаж білетаў спынены за тыдзень да канцэрта. Усе месцы ў зале раскуплены. У амаль 2-гадзіннай праграме - ніякага французскага пранонсу, толькі беларускія хіты, залаты фонд песняроўскага рэпертуару - “Касіў Ясь канюшыну”, “Алеся”, “Лявоніха”.

Пад заслону сусветная прэм’ера. У Парыжы прэзентуюць песню “Летуценніца”. Кампазіцыя ў стылі Мулявіна – фірменнае спалучэнне фолькавых і рокавых матываў, якое і зрабіла ВІА беларускім брэндам. Дарэчы, такі музычны вечар спевакоў - адзін з дзясятка запланаваных выступленняў нашых артыстаў у Францыі.

“Беларускія музычныя сезоны” ў Францыі праходзяць ўпершыню. Акрамя “Песняроў” у Парыжы ўжо выступілі Дзяржаўны камерны аркестр, піяністы Хандогій і Атрошчанка. У той жа час працягваюцца сезоны тэатральныя. На сёння горад Клермон-Феран упрыгожаны афішамі канцэрта балетнай школы Марыны Вежнавец. Французская прэм'ера Беларусі на пуантах - 10 снежня.