Беларускія архітэктары на шляху да завяршэння мемарыяла ў Благаўшчыне

10 марта 2018

Да гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны беларускія архітэктары рыхтуюць новы помнік. Спецыялісты прадпрыемства "Мінскпраект" і творчай майстэрні Леаніда Левіна на шляху да завяршэння другой чаргі - працягу мемарыяльнага комплексу "Трасцянец". Яго лакацыя - урочышча Благаўшчына, месца масавых расстрэлаў, якія праводзіліся спецыяльным падраздзяленнем нямецкіх СД з пачатку 1942 да канца 1943. Працы па праекце "Благаўшчына" пачаліся менш як год таму, зараз яны ў самым разгары. Якім будзе помнік у выніку - у рэпартажы Наталлі Бардзілоўскай.

Трасцянец - адно з буйнейшых месцаў масавага знішчэння людзей. У перыяд з 1941 да 1944 года нацыстамі тут было забіта каля 206 з паловай тысяч чалавек. І гэта не толькі беларусы ці савецкія грамадзяне, але і дэпарціраваныя з такіх краін, як Германія, Аўстрыя, Чэхія, Польшча. Чацвёрты па колькасці ахвяр у Еўропе - лагер "Трасцянец".

Увекавечыць драму "Трасцянца" задумалі адразу пасля вайны. За праект на тэрыторыі ў 124 гектары (столькі займала адская фабрыка) браліся пакаленні архітэктараў. Толькі ў 2008-м - прыняцце глабальнай канцэпцыі. Усе мы памятаем адкрыццё першай часткі ў чэрвені 2015-га Сімвалічнай дарогі і Варот Памяці. Тэрыторыя непасрэдна самога лагера. Сёння ў дапрацоўцы другі пускавы комплекс - "Благаўшчына".

Благаўшчына - тупік Трасцянца. Месца знішчэння. Называлася лічба ў 15 тысяч ахвяр. Але некалькі месяцаў таму археолагі знялі верхні слой і выявілі сенсацыйныя знаходкі - дзясяткі тысяч прадметаў сёння захоўваюцца вось у такіх вось скрынях, сведчаць пра спосабы знішчэння людзей, пра нацыянальнасць пакараных, іх узрост. А галоўнае - лічба загінулых павялічваецца.

Па шматлікіх рэчах відавочна: людзі з Еўропы ехалі не паміраць, а нібы-та на працу. Перад аперацыямі карнікі, пэўна, скідвалі іх торбы непадалёк ад месца смерці. Па выніках знойдзенага напішуць кнігу. Новаадкрыцці ўкладуць у элементы мемарыяла.

"Благаўшчына" ў макеце. Усе пачнецца з Белай плошчы і скульптурных чамаданаў. Ад месца надзеі праз метафары-вагоны на плошчу Парадокса: тут перагорнутая хата як знак звар’яцелай маралі вайны.

Далей Чорная плошча - як месца знішчэння, і 34 равы, куды скідвалі забітых. Гэтыя ямкі зараз аздабляюць, як могілкі.

Ёсць думкі пасля адкрыцця мемарыяла "Благаўшчына" арганізаваць перазахаванне знойдзеных астанкаў людзей і адпяванне святарамі розных канфесій.