"Беларуская капэла" пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Віктара Скарабагатава адзначае юбілей

29 мая 2017

Чвэрць стагоддзя, як калектыў навукоўцаў ад музыкі расшыфроўвае коды старажытных партытур. Дзякуючы ім беларусы адкрываюць новыя старонкі сваёй музычнай гісторыі. Падрабязнасці - у Наталлі Бардзілоўскай.

Моцарціум у Зальцбургу. Бахаўскае таварытсва ў Лейпцыгу. Музычныя навуковыя цэнтры пры тэатрах “Ла Скала” і “Метраполітэн-опера”. Амаль два стагоддзі, як у свеце ўзнікаюць і працуюць арганізацыі, накіраваныя на захаванне і папулярызацыю старадаўняй акадэмічнай спадчыны. Іх задачы: знаходзіць музычныя помнікі, даводзіць іх да выканання, выдаваць і ўводзіць у навучальны працэс. 25 гадоў таму такая суполка з’явілася і ў Мінску.

“Беларуская капэла” - гэта шэсць навукоўцаў на чале з Віктарам Скарабагатавым. Лірычны барытон на працягу трыццаці гадоў выходзіў на оперную сцэну ў дзясятках роляў. Сёння яго партыя - даследчык і менеджар, які разам з калегамі адкрывае новыя старонкі нацыянальнага музыказнаўства і прапануе сучасным выканаўцам паспрабаваць і каларыт, і цяжкасці партытур даўніны.

З паўтара дзясятка опер, тры балеты, 30 араторый, сотні беларускіх камерных твораў - іх напрацоўкі ў лічбах. За чвэрць стагоддзя “Беларуская капэла” ўзбагаціла рэпертуар усіх калектываў Вялікага тэатра, харавой капэлы імя Шырмы, хора пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай, ансамбля “Кантабіле”. Найбольш вядомыя нотныя выданні тэарэтыкаў - “Куранты”, “Полацкі сшытак”, “Рыфматворны Псалтыр Сімяона Полацкага” і “Фауст”. Зрэшты, менавіта ад айчынных навукоўцаў пайшла сенсацыйная навіна: радкі свайго шэдэўра Гётэ дапісваў у супрацоўніцтве з нашым Антоніа Радзівілам. У магнацкім тэатры опера і была пастаўлена. І зараз “Беларуская капэла” рыхтуе гучную навіну!

Вось-вось - і свет убачыць зборнік на 360 старонак “Міхал Клеафас Агінскі. Лісты аб музыцы. Карэспандэнцыя”. Выданне адкрые не столькі кампазітара, колькі музыказнаўца - Агінскага, настаўніка для маладых арыстакратак Фларэнцыі, падарожніка-авантурыста.

У “Беларускай капэлы” бяруцца выключна за новы матэрыял. Навукоўцаў цікавяць творы, якія, пачынаючы з 17 стагоддзя, мала дзе былі паказаныя і амаль не друкаваліся. І даказваюць, што прафесійнае мастацтва на нашых землях зарадзілася адначасова з усім заходнім светам.