Беларуская балерына ў фінале прэстыжнага міжнароднага конкурсу ў ЗША

25 марта 2017

13-гадовая мінчанка Алеся Асташонак - сярод прэтэндэнтак на перамогу ў Youth America Grand Prix. На ўдзел у гэтым харэаграфічным спаборніцтве падалі заяўкі больш як 3,5 тысячы дзяцей. Маладая танцоўшчыца ўжо вярнулася з ЗША і вядзе падрыхтоўку да наступнага этапа спаборніцтва ў родным каледжы.

Іна Пілевіч пабывала на ўроку юнай здольнасці.

Доўгія пералёты і розніца часавых паясоў не падстава для адпачынку і пропуску заняткаў. Палова на дзявятую раніцы - ля станка. Наперадзе яшчэ пяць гадзін харэаграфіі. Юная балерына Алеся Асташонак толькі вярнулася з Філадэльфіі, дзе прымала ўдзел у міжнародным конкурсе «Гран-пры моладзь Амерыкі». У родны харэаграфічны каледж прывезла другое месца ў паўфінале ў малодшай узроставай катэгорыі.

Алеся Асташонак, вучаніца Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа: "Кожнаму суддзі даюць па лісціку, на якім ён ацэньвае цябе, піша нейкія заўвагі, што добра, што трэба паправіць. Потым суддзі табе даюць гэтыя лісцікі, і ты можаш убачыць усе заўвагі, даведацца, над чым трэба папрацаваць, каб на наступным этапе выправіць".

Сёлета ў канкурэнтах беларускі - 3,5 тысячы дзяцей з усяго свету. Паўфіналы аўтарытэтнага конкурсу праходзілі не толькі ў гарадах Амерыкі, але і Францыі, Бразіліі, Японіі, Карэі, Мексікі, Аўстраліі. Міжнародным экспертам Алеся прапанавала варыяцыі з балетаў «Карсар» і «Раймонда».

Наталля Філіпава, выкладчыца Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа: "Яна адчувае дыханне залы, дыханне гледачоў. Гэта яе напаўняе ўпэўненасцю, нейкім пазітывам зараджае. У яе ёсць спартыўная жылка ў характары. Ёй падабаецца прымаць удзел у конкурсах, спаборніцтвах. І, вядома, конкурсы вельмі ўзбагачаюць выканаўцу".

Для 13-гадовай мінчанкі гэта перамога не першая ў кар'еры. У мінулым сезоне стала трэцяй на «Танцавальным Алімпе» ў Берліне, а з італьянскага Спалета прывезла золата і бронзу. Таксама Алеся з'яўляецца стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.

Фінал танцавальнага конкурсу адбудзецца ўжо ў наступным месяцы ў Нью-Ёрку. Пераможцы праекта атрымаюць стыпендыі. Агульны прызавы фонд складае больш як 300 тысяч долараў.