Дрэсіраваны павук тарантул, фрыстайл на матацыклах і скачкі праз скакалку на аднакалёсным веласіпедзе. Белдзяржцырк прапанаваў журналістам сваю новую праграму - "Экстрым-рэкорды Гінэса". Усё шоу складаецца з небяспечных трукаў. Свае нумары артысты выконваюць без страхоўкі. У Беларусі праграма прэм'ерная! Ніколі раней, як сцвярджаюць аўтары праекта, пад адным купалам цырка не збіралася столькі рэкардсменаў з 10-ці краін. Прычым, некаторыя артысты ў Кнігу Гінэса траплялі некалькі дзясяткаў разоў.
Разам з замежнымі рэкардсменамі ў шоу прымаюць удзел і беларускія артысты. Стаўку зрабілі на дрэсуру. Гледачоў уразяць ослікі ў балетных пачках і джаз-бэнд малп. Праграма "Экстрым-рэкорды Гінэса" у Беларусі прадоўжыцца да 2 жніўня.













