Белдзяржфілармонія закрыла канцэртны сезон незвычайным праектам

16 июля 2014
Арган, які ўпершыню іграў не класіку Баха, а мадэрн і авангард 20-га стагоддзя... Белдзяржфілармонія закрыла канцэртны сезон незвычайным праектам. Госці вечара пачулі творы забытых і малавядомых аўтараў. Наталля Бардзілоўская пабывала на канцэрце.

Ад аргана, які па ўзросце часоў антычнай Александрыі, большасць меламанаў чакаюць як мінімум такаты і фугі рэ мінор Баха, а не дысананснай музыкі 20 - 21-га стагоддзя! Але знаўцы-выканаўцы сцвярджаюць: старажытны інструмент не старэе і грае новыя матывы нават больш ярка, чым сучасны аркестр!
Ён сам інструмент-аркестр, інструмент-хор. Іграе, спявае, размаўляе і ўмудрыўся застацца любімчыкам кампазітараў нават у часы музычных рэвалюцый і эксперыментаў. У 20-м стагоддзі для аргана пісалі атанальныя, супрацьлеглыя канонам эпохі Адраджэння творы. Далёкім ад старой класічнай мелодыкі пасажам менавіта арган надаваў пераканаўчасці і асаблівага шарму.
Шэсць з паловай тысяч труб самага буйнога беларускага аргана ўпершыню агучылі музыку Айнема, Айрленда, Шутэра, Клейна… Імёны еўрапейскіх кампазітараў вядомыя, бадай што, вузкаму колу спецыялістаў і ў свой час адышлі ў цень па-за культавымі постацямі Стравінскага, Брытэна, Шастаковіча. Забытыя незаслужана - палічылі стваральнікі канцэртнага філарманічнага праекта: музыканты Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі Міхаіл Мішчанка, Барыс Барынаў і Арцём Ісаеў.
Арган, які звычайна гучыць сола, адкрыў слухачу свае ансамблевыя якасці. У дуэце і трыа - габой і альт. У апошняга, зрэшты, італьянскага інструмента з Крэмона ў Мінску сцэнічны дэбют. А вось для габаіста Арцёма Ісаева гэты канцэрт - настальжы па Радзіме. Музыкант родам з Нарачы. Вечарам арганнай музыкі Белдзяржфілармонія завяршыла свой сезон.