"Беларусьфільм" у кастрычніку выпусціць мультфільм "Лагодны воўк"

27 сентября 2018

"Беларусьфільм" скончыў падрыхтоўку новай анімацыйнай кароткаметражкі. У кастрычніку нацыянальная кінастудыя выпусціць мультфільм "Лагодны воўк". Над шасціхвіліннай гісторыяй каманда працавала больш як паўгода. У аснове - казка пісьменніцы Алены Масла. Дзед-хіпстар, чуткі воўк - сучасныя героі загавораць галасамі Віктара Манаева і Аляксандра Ждановіча. Фальклорнасць надаюць матывы групы "Нагуаль". Стужка прапісаная беларускімі афарызмамі. З цітрамі на рускай і англійскай мове.

Наталля Дарвіна-Хаткевіч, рэжысёр: "Карцінка павінна бадзёрыць, яна павінна быць свежая. Вось гэта галоўнае. Вось такую я перад сабою ставіла задачу. І задача была такая ў кожным кадры літаральна. Нават не столькі ў форме, колькі яшчэ і ў змесце. Гэта значыць, праца над кожным жэстам, над інтанацыяй".

Анімацыйная гісторыя не скончыцца на адной казцы. У канцы лістапада творчы тандэм рэжысёра і пісьменніцы пачне працу над другім мультфільмам - "Прыгажун і пачвара".