"Беларусьфільм" распачаў здымкі гістарычнай драмы пра Янку Купалу

27 июля 2018

Янка Купала - на шырокім экране. Сёння "Беларусьфільм" распачаў здымкі гістарычнай драмы пра народнага паэта Беларусі. Першыя кадры кінагрупа зрабіла ў маляўнічым месцы - на натурнай пляцоўцы нацыянальнай кінастудыі пад Смалявічамі. Рэжысёрам фільма выступае прадстаўнік знакамітай кінадынастыі Уладзімір Янкоўскі. Рабочая назва карціны - "Пакуль будзе неба". Яна раскрые асноўныя вехі жыццёвага і творчага шляху паэта, будуць праілюстраваныя факты, аб якіх не сказана ў школьных падручніках. На ролю галоўнага героя зацверджаныя адразу 5 акцёраў - яны сыграюць Купалу ў розныя гады. Здымкі фільма пройдуць не толькі ў Беларусі, плануецца выезд у Вільнюс, Санкт-Пецярбург і Маскву.

Кінапраекту прысвоены статус нацыянальнага фільма. У планах - стварэнне дзвюх версій карціны: тэлевізійнай на 4 серыі і пракатнай. Прэм'ера гістарычнай драмы заяўленая на наступную восень.