"Беларусьфільм" пачаў рэстаўрацыю савецкіх фільмаў

20 мая 2020
Убачыць "Прыгоды Бураціна", "Я родам з дзяцінства" і "Казку пра зорнага хлопчыка"  ў  4К-фармаце без склейвання і зярністасці. "Беларусьфільм" расчыніў архівы і пачаў рэстаўрацыю савецкіх фільмаў. Знаёмыя стужкі, знятыя на старыя плёнкі "Свема", паэтапна пераходзяць у Full HD. Іх асвяжаюць і для інтэрнэт-платформаў, і для дыстрыбутараў. Нашы фільмы гатовы паказаць у Японіі, Карэі і Злучаных Штатах. Як кадры вяртаюць да  першапачатковага выгляду праз дзесяцігоддзі, раскажа Лідзія Заблоцкая.

У лабараторыі "Беларусьфільма" рэанімуюць старыя кінастужкі

Большасць  карцін  Савецкага Саюза засталася на кінастужцы марак "Тасма" і "Свема". Апошняя  не лепшай якасці і без пазнакі "на доўгія гады". Няхай "Беларусьфільм" і лічыўся легендарнай студыяй, але каробкі  плёнак адпраўляліся ў рэспубліку па рэшткавым прынцыпе. Вынікі бачым самі: праз дзесяцігоддзі ў залатым фондзе  тысячы артэфактаў. Перыядычна бабіны дастаўляюць з  Дзяржынска, каб "прааперыраваць" кожную поўнаметражку,  а гэта 124 тысячы кадраў. Відавочныя недахопы выпраўляюць спіртам і скотчам, а нябачныя заганы выдаляюцца ў спецыяльнай "пральнай машыне".

У наступны тур праходзяць стужкі, якія пераводзяць у лічбавы фармат. З гэтым спраўляецца вертыкальны сканер. Ён хутка чытае кадры на стужцы. Часта капіруць, дарэчы, таксама з копій. Арыгінальныя кінастужкі захоўваюцца ў Маскве. Скан - толькі прамежкавы этап для далейшай рэстаўрацыі.

Поўнаметражным стужкам вяртаюць першапачатковыя колеры і выразнасць

"Чароўная палачка" з інструментарыя  фоташопу  ліквідуе практычна ўсе тэхнічныя дэфекты. За суседняй машынай здольныя прыбраць  розавае адценне: часта менавіта чырвоны пігмент захоўваецца на выцвілай ад часу плёнцы. З дапамогай карэкцыі колеру вяртаюць і колеры, і кантраснасць. Дадаюць і патрэбную выразнасць карцінцы. Таму фільм здаецца свежым. 

Абноўленыя стужкі пакажуць у Японіі, Карэі і ЗША

Фінальныя праўкі ўносяць праз карцінку на маніторы, кошт якога - амаль аднапакаёвая кватэра. Таму з колерамі не памыляюцца. Уся рэстаўрацыя доўжыцца два месяцы і каштуе ў тры разы танней, чым у Расіі. За апошнія 8 месяцаў абнавілі з дзясятак фільмаў. Спіс фарміруюць па заказу дыстрыбутараў: менавіта яны падказваюць, на які фільм глядач купіць білет за мяжой.

Адрэстаўраваныя фільмы размесцяць на інтэрнэт-платформах

Савецкія фільмы не фарбуюць і не дамалёўваюць. Вяртаюць якасць нацыянальнага набытку праз сучасныя лічбавыя коды. На патоку - "Я родам з дзяцінства" з Высоцкім  і драма "На чорных лядах". Пасля замежнага пракату класіку ў новых фарматах змогуць убачыць бясплатна і ў інтэрнэце.