Беларусь выбрала свайго прадстаўнiка на ўдзел у дзіцячым конкурсе Еўрабачанне

5 октября 2013

Напярэдадні ўвечар у 600-й студыі Белтэлерадыёкампаніі назвалі пераможцу Нацыянальнага адборачнага тура Песня для Еўрабачання. Выбіралі і тэлегледачы, і прафесійнае журы. Хто падняўся на вяршыню турнірнай табліцы? І каго песня давядзе да Кіева - ведае Ніна Мажэйка.



Напярэдадні ўвечар у 600-й студыі Белтэлерадыёкампаніі было па-сапраўднаму горача. Не толькі ад сафітаў. Пакуль балельшчыкі скандзіравалі крычалкі, бацькі пілі валяр'янку. Здавалася, не хвалююцца толькі самі канкурсанты. Сёлета прэтэндэнтаў на месца было максімальна дапушчальная правіламі колькасць - 10. Сярод іх выключна сольныя выканаўцы. Стаўку зрабілі на вакальныя даныя, сцэнічнае майстэрства і ўменне працаваць на камеру. Дарэчы, гэты навык адпрацоўваўся яшчэ на рэпетыцыях перад адборачным турам.


Людміла Барадзіна, выканаўчы прадзюсар тэлеканала Беларусь 2: Вядома, не ва ўсіх ёсць такі вопыт. Тым не менш, усё-такі ёсць дзеці, якія гэта адчуваюць. Дзеці, якія адчуваюць аўдыторыю, якія адчуваюць глядзельную залу. Калі вось гэты кантакт з глядзельнай залай, нават я не маю на ўвазе тэлевізійную аўдыторыю, я маю на ўвазе тую аўдыторыю, якая сабралася сёння тут, у студыі, калі гэты кантакт ёсць - значыць, ёсць удача.


Тая самая ўдача ў гэты вечар усміхнулася 11-гадоваму Ілью Волкаву. Ён стаў лідарам па выніках галасавання журы і тэлегледачоў.


Эдуард Зарыцкі, народны артыст Беларусі, кампазітар, старшыня журы Нацыянальнага адборачнага тура Песня для Еўрабачання - 2013: Крытэрый у нас адзін - натуральна, гэта конкурс песні. Увогуле ж усе забываюць, мы слухаем заўсёды салістаў. Але гэта конкурс - спаборнічаюць песні. Але, вядома, яны праходзяць праз выканаўца.


Трыумфатар выканаў сапраўды свой хіт у прамым сэнсе гэтага слова. Вершы да конкурснай песні Спявай са мной юны мінчанін напісаў самастойна.


Ілья Волкаў, пераможца Нацыянальнага адборачнага конкурсу Песня для Еўрабачання - 2013: Адчуваю радасць. Гэта як бы наогул нельга растлумачыць словамі. Гэта тое, пра што я марыў, менавіта тут і адбываецца.


Уладзіслаў Волкаў, бацька пераможца: Да чаго ішлі мы сваёй сям'ёй і да чаго ішоў Ілья. Як ён сябе паводзіў, як ён выхоўваўся, як ён працаваў, працаваў над гэтым - гэта заслужаная ацэнка яго працы, яго творчасці. Я вельмі рады.


І хоць хлопчык у Кіеў едзе не першы раз. Будучая паездка не мае нічога агульнага з экскурсійнай.


30 лістапада ў Палацы мастацтваў Украіна вырашыцца галоўная інтрыга. Другі раз у гісторыі дзіцячага конкурсу песні Еўрабачанне фінал будзе праходзіць у краіне - пераможцы мінулага года. І зноў у Кіеве. Не абышлося і без новаўвядзенняў. Сёлета прыз будзе ўручацца не толькі пераможцу, але і ўдзельнікам, якія занялі другое і трэцяе месца.


Ці пацвердзіць Беларусь свой статус аднаго з лідараў у гісторыі конкурсу і ці праспявае ўся Еўропа разам з Ільёй - пакажа фінал.