Беларусь успамінае народнага пісьменніка Янку Брыля

4 августа 2017

Юбілей аўтара "з вогненнай вёскі". Беларусь сёння ўспамінае Янку Брыля - у дзень яго стагоддзя. Народны пісьменнік БССР напісаў творы, знаёмыя яшчэ са школы - аповесці "Ніжнія Байдуны", "Золак, убачаны здалёк", "Сірочы хлеб".

Таямніцы біяграфіі легенды - у рэпартажы Дар'і Тарасавай. Сістэматызаваць сваю творчасць Янка Брыль пачаў самастойна. Сюды, у архіў літаратуры і мастацтва, ў 63-м народны пісьменнік ўпершыню прынёс свае рукапісы. Як сведчыць вопіс - вагой ажно два кілаграмы. У цяжкім стосе дакументаў былі аповесці, апавяданні, нарысы і вельмі асабістае.

На працягу пяці гадоў гэтыя запісы былі пад грыфам “Сакрэтна”. Такі лёс сваім дзённікам наканаваў сам класік. Зараз усе 162 дакументы знаходзяцца ў адкрытым доступе. Тут Янка Брыль, як у рукапісах, так і на друкаваных старонках, шчыра расказвае пра сваё жыццё з 1932 па 2006 год.

Біяграфія памерам 12750 дакументаў. Тут і чарнавы аўтограф Брыля - так названы адзін з рукапісаў. У папцы - накіды будучых літаратурных шэдэўраў, якія аўтар рабіў выключна алоўкам. А стварэнне твораў наогул пачынаў з плана. Выпісваў у слупок імёны персанажаў. Дарэчы, і сабе імя таксама прыдумаў – пад гучным псеўданімам Янка хаваўся Іван.

Да стагоддзя з дня нараджэння празаіка яго творчую лабараторыю прадставілі ў сталічнай галерэі. Сярод цэнтральных экспанатаў і спецыяльны нумар газеты «Літаратура і Мастацтва». Аўтарам якой выступаў Брыль. Але ўсё гэта пасля вайны. У 39-м быў прызваны ў армію, служыў у марской пяхоце, трапіў у палон, затым уцёк і пайшоў у партызаны. Таму пасля перажытых жахаў у сваіх творах часта звяртаўся да такой блізкай яму тэмы Вялікай Айчыннай.

Не толькі празаік, але паэт і перакладчык. Дзякуючы яму, па-беларуску сёння чытаем расійскіх класікаў - Талстога, Чэхава, Горкага. Дарэчы, творы і самога Янкі Брыля перакладзены на 30 моў свету.