Беларусь у фінале "Еўрабачання-2019"! Першыя эмоцыі пасля лайку ад Еўропы

15 мая 2019

ЗЕНА ў фінале "Еўрабачання". Напярэдадні вечарам у Тэль-Авіве прайшоў першы паўфінал прэстыжнага песеннага конкурсу. У топ-10 з 17 краін-удзельніц трапіла і Беларусь з песняй "Like It". Разам з ЗЕНАЙ 18 мая на сцэне Expo Tel Aviv  выступяць Грэцыя, Сербія, Кіпр, Эстонія, Чэхія, Аўстралія, Ісландыя, Сан-Марына і Славенія. Першыя эмоцыі нашай канкурсанткі пасля лайку ад Еўропы ў рэпартажы Ніны Мажэйкі.

Ціхі час. Або нават некалькі. Калі прагоны ў мінулым, у вялікім еўравуллі за гадзіну да прамога эфіру шумяць хіба што фен і адпарвальнік для касцюмаў.

Голас ці шоу? Чым пакарыць журы і тэлеаўдыторыю? На гэтыя пытанні ў першым паўфінале адказалі 17 краін-удзельніц. Стаўкі на фінал у дачыненні да Беларусі рабілі журналісты.

Гэтыя людзі пазнаюць удзельнікаў не проста ў твар - з першых трох нот.

Нацыянальныя журы выставілі свае балы напярэдадні першага паўфіналу. У дзень тэлетрансляцыі свайго фаварыта выбіралі гледачы. За некалькі гадзін ля галоўнай пляцоўкі конкурсу ўжо было не праціснуцца.

Букмекеры ставілі Беларусь на 32-ю пазіцыю. Адсутнасць суседзяў магла паўплываць на вынік. На шчасце, прагнозы не апраўдаліся. Нашай ЗЕНЕ не прыйшлося доўга чакаць лайкаў ад Еўропы і Аўстраліі.

Напэўна, гэта самы хвалюючы момант. 17 краін-удзельніц і толькі 10 білетаў у фінал. Ззаду мяне знаходзіцца беларуская дэлегацыя. Гэтая бурная рэакцыя, таму што мы ў фінале. Беларусь працягвае свой еўравізійны марафон.

Падвялі рысу пад першым паўфіналам на першай прэс-канферэнцыі. Тут вызначылі парадак выступленняў у фінале - праўда, пакуль без удакладненняў. Наша ЗЕНА будзе ў другой частцы шоу 18 мая.