Беларусь сёння ўспамінае Янку Купалу

7 июля 2016

Беларусь сёння ўспамінае легендарнага класіка. Роўна 134 гады таму ў вёсачцы Вязынка нарадзіўся Іван Луцэвіч, вядомы ўсяму свету пад псеўданімам Янка Купала. Дзень нараджэння народнага паэта, акадэміка і лірыка штогод шырока святкуецца ў нашай краіне. Цэнтрам урачыстасцяў стане мемарыяльны запаведнік на радзіме паэта ў Вязынцы і Дзяржаўны літаратурны музей у Мінску.

Ля помніка Янкі Купалы ў цэнтры сталіцы праходзіць ушаноўванне першага народнага паэта Беларусі. З намі на прамой сувязі наш карэспандэнт Наталля Бардзілоўская (прамое ўключэнне).

Мы знаходзімся ў сталічным парку імя Янкі Купалы. Гэтае месца вельмі любяць мінчане і па-за святам - тут прасторна, зялёна, прыгожа і, вядома ж, галоўная славутасць гэтага месца - помнік народнаму паэту Беларусі. Работа цэлага сузор'я беларускіх мастакоў і архітэктараў: Левін, Градаў, Анікейчык, Гумілеўскі, Заспіцкі.

Янка Купала паказаны ў поўны рост, ён на гранітным пастаменце, ля яго ног - крыніца і папараць-кветка (сімвал вельмі актуальны менавіта зараз, бо як раз сёння старажытнае і адно з самых любімых у народзе святаў - Купалле. У гонар яго, вядома, паэт і ўзяў свой славуты псеўданім). Дык вось, некалькі хвілін таму каменную постаць Купалы ажывілі кветкі. Вялікая дэлегацыя: работнікі літаратурнага музея Янкі Купалы, пісьменнікі, мінскія школьнікі з дзіцячых летнікаў - здзейснілі традыцыйную штогадовую цырымонію ўшанавання - паднеслі да помніка букеты і кошыкі кветак. Хачу дадаць, што сёлета ва ўрачыстую працэсію ўключыліся госці з Расіі, прадстаўнікі Дзяржаўнага музейнага аб'яднання "Мастацкая культура рускай Поўначы". Прадстаўнікі горада Архангельска ў Беларусі, дарэчы, з вялікай культурнай праграмай. Яны правядуць шэраг майстар-класаў з нашымі музейшчыкамі, а распачалі сваё знаёмства з купалаўскага музея і купалаўскага свята. Гэта вельмі сімвалічна, бо Янку Купалу добра ведаюць і шануюць у Расіі. У Маскве ёсць помнік беларускаму паэту, а яго лёс быў таксама звязаны і з мястэчкам Печышчы (што пад Казанню): там Купала працаваў у эвакуацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны. І, вядома, з Масквой.

У гэтыя хвіліны ў парку гучаць песні і вершы на словы Купалы. Працягваецца традыцыйная літаратурна-музычная імпрэза пад назвай "Палымянае слова паэта". Чытаюць і грамадзянскія радкі, і лірыку. У гонар песняра гучаць і сучасныя вершы - беларускія пісьменнікі і паэты са сваімі прысвячэннямі Купале. І зараз побач са мною адзін з беларускіх літаратараў, гісторык і краязнаўца Анатоль Бутэвіч, таксама ўдзельнік мерапрыемства.

Купалаўскія чытанні тут у парку яшчэ працягваюцца. Як і ўсе мерапрыемствы, прысвечаныя народнаму паэту. Янку Купалу будзе прысвечана і адно з самых яркіх мерапрыемстваў гэтай суботы: 9 ліпеня ў Вязынцы на радзіме паэта адбудзецца вялізарнае свята песні, паэзіі і народных рамёстваў, у рамках якога адбудзецца этнакветкавы фэст. Яго асаблівасцю стане спроба фларыстаў сплесці амаль пяціметровы ў дыяметры вянок!