Беларусь сёння ўспамінае Стэфанію Станюту

13 мая 2016

У маі 1905 года ў сям'і вядомага беларускага мастака нарадзілася легендарная актрыса тэатра і кіно. Да пачатку сваёй акцёрскай кар'еры яна папрацавала статысткай, харысткай і танцоўшчыцай. Стаяла ля вытокаў нацыянальнага тэатра, першую ролю сыграла ў 16 гадоў у п'есе "Ганка" Уладзіслава Галубка. Але сапраўднае акцёрскае жыццё Станюты прайшло ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы. Усяго на падмостках яна сыграла больш як дзвесце роляў. А ў кіно - каля ста.

Дарэчы, у народнай артысткі СССР Стэфаніі Станюты - два дні нараджэння: 13 мая і 30 красавіка. Ці то гэта звязана са згубленымі метрыкамі, ці то з пературбацыямі пачатку ХХ стагоддзя і стратай запісаў у царкоўных кнігах.