Беларусь сёння развіталася з легендарным дыктарам Ільёй Курганам

23 августа 2019

Беларусь сёння развіталася з Ільёй Курганам - заслужаным артыстам і легендарным дыктарам.

Ён пайшоў з жыцця ў сераду на 94-ым годзе. Развітанне і паніхіда адбыліся ў Купалаўскім тэатры. Праводзіць у апошні шлях залаты голас Беларускага радыё прыйшлі родныя, паклоннікі, вучні, акцёры, рэжысёры і, вядома, калегі з Белтэлерадыёкампаніі.

Аляксей Дудараў, драматург, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі: "Ён быў адзін з першых, хто праслухваў, калі я паступаў у тэатральна-мастацкі інстытут, пачаў чытаць, ён паслухаў 3 ці 4 радкі і кажа: "Будзьце здаровы, Аляксей!". І голас балюча знаёмы, ну нехта, недзе, але вочы кажуць, што не бачыў ты гэтага чалавека. Выйшаў я з залы і ў нейкага са студэнтаў спытаўся: "А што там за мужык сядзіць?".  Ён гаворыць: “Курган!”. Я гавару: "Той самы?!" Дзякуй Богу, што мне да гэтага не сказалі".  

Па тэатральнай традыцыі ў апошні шлях Ілью Кургана праводзілі апладысментамі.