Беларусь сёння адзначае Дзень бібліятэк

15 Верасня 2017

Ён святкуецца штогод у гонар дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі, якой спаўняецца 95! З юбілеем калектыў арганізацыі павіншаваў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка адзначыў значнасць галоўнага асветніцкага цэнтра краіны, а таксама сімвалічнасць даты, якая адзначаецца ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Расказвае Вольга Мядзведзь.

У гэтым сховішчы захоўваюцца самыя каштоўныя, самыя рэдкія, самыя старажытныя фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гэта больш як 70 000 экзэмпляраў: старадрукі, рукапісы. Трапіць у гэтае памяшканне звычайнаму чытачу проста немагчыма. Кнігі ад XV стагоддзя і маладзейшыя, з-пад адбітка першых друкарскіх машын. Восьмы паверх - сховішча рэдкіх выданняў, якім у наш час нават няма цаны. Таму кожны асобнік мае адмысловую сістэму абароны.

Спецыяльна для Нацыянальнай бібліятэкі ў хімічнай рэстаўрацыйна-кансервацыйнай лабараторыі ствараюць бескіслотны кардон. У скрынках з такога матэрыялу захоўваюцца далікатныя кнігі. Папера томікаў не рассыпаецца, не ламаецца, што падаўжае жыццё многіх асобнікаў.

Галоўным ноу-хау «алмаза» сталі тэлеліфты. Праз маштаб будынка была неабходнасць у аператыўнай дастаўцы выданняў з фондасховішча. Па вось такіх механізаваных венах, агульная даўжыня якіх складае амаль кіламетр, выбраныя кнігі трапляюць у чытальную залу на працягу дваццаці хвілін. Такая тэхналогія была выкарыстана ў гэтых сценах упершыню ў Беларусі.

Усе сучасныя магчымасці Нацыянальная бібліятэка атрымала з адкрыццём новага будынка ў дзве тысячы шостым.

Да гэтага каля 70 гадоў галоўнае сховішча размяшчалася ў будынку архітэктара Лаўрова. У даваенны час фонды кніжных помнікаў складалі больш за два мільёны тамоў, але за Другую сусветную гэтая лічба стала ў разы меншай.

Некаторым асобнікам удалося выжыць, цяпер яны знаходзяцца сярод рэдкіх і каштоўных выданняў на 8-м паверсе. Ёсць і параненыя кнігі. Старонкі, прабітыя кулямі і снарадамі, паказаныя на выставе да дзевяностапяцігоддзя Нацыянальнай бібліятэкі.