Беларусь прыме ўдзел у фестывалі Кінатаўр са стужкай Туфлікі

2 июня 2013

У Сочы стартуе Кінатаўр. На фестывалі ў конкурсе кароткаметражнага кіно прыме ўдзел і Беларусь са стужкай Туфлікі. Наш фільм выбралі ў дваццатку фіналістаў з больш як 300 прэтэндэнтаў.


Наталля Бардзілоўская - пра стужку, якую пакуль бачылі толькі ў журы адборачнага тура. Фільм, у якім толькі музыка і падарожжа чырвонай пары туфлікаў. Разам з імі глядач крок за крокам пройдзе па ўсіх жыццёвых этапах уладальніцы пары стройных ножак і прыгожых туфляў. Спатканне. Падарожжа. Вяселле. Мацярынства. Шлях ад моднага абутковага магазіна да канцлагера Асвенцым. Ідылія завершыцца трагедыяй. Праз гісторыю рэчы аўтары пакажуць гісторыю чалавека і гісторыю чалавецтва. Фільм - пра другую сусветную вайну, пра трагедыю фашызму.
Юрый Ігруша, прадзюсар фільма, дырэктар Белвідэацэнтра: Ідэя ўзнікла ў майго даўняга сябра Канстанціна Фама, калі ён наведваў Польшчу і канцлагер Асвенцым і ўбачыў з гарой чалавечага абутку чырвоныя туфлікі - задумаўся, як гэтыя туфлікі маглі сюды патрапіць.
Пра вайну праз фільм-дваццаціхвілінку распавёў рэжысёр Канстанцін Фам. Выбар на карысць кароткаметражнага фармату быў вызначаны нацэленасцю на маладзёжную аўдыторыю. Фільм Туфлікі - міжнародны праект. Яго ўдзельнікі - Беларусь, Расія, Чэхія, Польшча і Францыя. Упершыню ў гісторыі здымкі дазволілі на тэрыторыі былога канцлагера Асвенцым. У іх прынялі ўдзел каля 400 чалавек. На ролю галоўнай гераіні быў аб'яўлены конкурс - сыграць гісторыю нагамі выпала чэшскай рок-спявачцы Ульяне Елінай. Падчас Канскага кінафестывалю ў рамках работы нацыянальнага павільёна фільм Туфлікі атрымаў высокую ацэнку такіх зорак, як Стывен Спілберг і Наталі Портман. Дарэчы, Туфлікі - толькі частка вялікага праекта. Аўтары рыхтуюць кінаальманах пра вайну пад назвай Сведкі, куды ўвойдуць яшчэ дзве навэлы.