Беларусь прадстаўляе культурную спадчыну дзесяці стагоддзяў

24 марта 2014

Беларусь прадстаўляе культурную спадчыну. Усё лепшае, што стварылі нашы майстры за некалькі стагоддзяў, - у маштабным праекце Нацыянальнага мастацкага музея. Афіцыйна адкрыццё экспазіцыі праз некалькі дзён, але нашы карэспандэнты змаглі ўбачыць мастацкія брэнды, з якімі асацыіруюць Беларусь.



Эксклюзіўныя кадры ў рэпартажы Алены Борматавай.


Стук малатка, гукі дрылі, грукат будаўнічых драбін - Нацыянальны мастацкі нібы ў аўральным рамонтным рэжыме. Звыклыя памяшканні музея - у процьме перагародак і вітрын. Мантаж экспазіцыі - карціна, якая звычайна застаецца за кадрам. Гэтыя дызайнерскія лабірынты - справа рук спецыялістаў трох краін - Беларусі, Расіі і Літвы. Спецыяльна для выставы - дзесяць стагоддзяў беларускага мастацтва.


Вось так проста, сярод усеагульнай падрыхтоўчай мітусні нясуць Шагала. Яго, як і многія работы мастакоў парыжскай школы, беларусы ўпершыню ўбачаць не ў рэпрадукцыях, а на свае вочы.


Тут увогуле амаль што пад кожным экспанатам можна будзе вешаць таблічку - дэманструецца ўпершыню. Партрэт Стэфаніі Станюты, напісаны яе бацькам, першы раз пакінуў запаснікі.


Адна з самых каштоўных залаў экспазіцыі. Тут прапанаваны работы, кошт якіх дасягае некалькіх мільёнаў еўра. Творы мастакоў, якіх увогуле ніколі не было на Беларусі, - Суцін, вось там, за вуглом, Шагал. Спецыяльна для выставы ўстанавілі вось такія модулі, каб можна было паказаць як мага больш твораў мастацтва.


На месцы будучых экспанатаў - пакуль замалёвачныя падказкі для музейшчыкаў. Што і ў якой вітрыне будзе выстаўляцца - пазначана на звычайных паперах. Тут з'явіцца жырандоль, арнат - аддзенне каталіцкага святара і слуцкі пояс. Ён побач з Радзівілаўскімі партрэтамі. Яны на час выставы змянілі пастаяннае месца дыслакацыі.



Уладзімір Пракапцоў, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: Мы паказваем нашу Беларусь, што гэта высокакультурная, высокаразвітая краіна - была, ёсць і будзе. І нам нельга саромецца нашай культуры, а наадварот, ганарыцца, што такія ўнікальныя творы мастацтва прапанаваны.


10 стагоддзяў беларускага мастацтва - гэта па сутнасці, інвентарызацыя культурнай спадчыны. У выставачным праекце - экспанаты з 29 музеяў Беларусі. Многія рэчы спецыяльна для праекта былі рэстаўраваны. Толькі на два дні ў Мінск прывязуць копію Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Арыгінал знік у 41-ым.