Беларусь святкуе стагоддзе з дня нараджэння мастака-легенды Натана Воранава

20 октября 2016

Да юбілею заслужанага дзеяча мастацтваў БССР у Мінску адбыўся вернісаж. Нацыянальны мастацкі музей адкрыў маштабную выставу карцін выдатнага савецкага жывапісца.

Расказвае Іна Пілевіч.

Сямейны летапіс - на карцінах мастака-легенды. Для іх палотны Натана Воранава - больш як шэдэўры савецкага мастацтва. Гэта гісторыя роду, захаваная дзедам у партрэтах. Унукі заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Уладзімір і Павел працягваюць справу знакамітага продка і нават на яго выставу прыйшлі з пэндзлем. Уносяць праўкі. Карэктуюць, праўда, не работы дзеда, а ўсяго толькі пастарэлы багет.

Творы Воранава са збору сям'і майстра, прыватных калекцыянераў і ўласных фондаў выстаўляе Нацыянальны мастацкі музей. Гэта больш як паўсотні гістарычных карцін, партрэтаў сучаснікаў, індустрыяльных і лірычных краявідаў, нацюрмортаў. Спецыяльна да стагоддзя майстра галоўнае сховішча жывапісу краіны выпусціла першую ў гісторыі кнігу, прысвечаную жыццю і творчасці Натана Майсеевіча.

Выхадзец з сям'і мастака. Вучыўся ў патрыярхаў жывапісу - Ахрэмчыка, Фогта, Асмёркіна. Хоць мастак прытрымліваўся догм сацыялістычнага рэалізму, у работах Воранава адгадваюцца ноткі імпрэсіянізму, фавізму. Гэтае спалучэнне і стала фірмовым почыркам аўтара. Але на кар'еры мастака ледзь не паставіла чорную кропку Вялікая Айчынная вайна.